уне́сці, унясу, унясеш, унясе; унясём, унесяце; пр. унёс, унесла і унясла, унесла і унясло; заг. унясі; зак., каго-што.

1. Прынесці, занесці ўнутр чаго‑н., куды‑н. Унесці рэчы ў вагон. □ [Гаспадыня] ўзялася за работу: набрала бярэма дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ. Чорны. Цётка папалася спагадлівая, картоплі чыгун наварыла, саломы ўнясла куль. Навуменка.

2. Заплаціць; зрабіць узнос. Унесці плату. □ Нарэшце я кажу ..[следчаму]: — Грошы я магу заўтра ўнесці ў касу. Пальчэўскі.

3. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н. Унесці прозвішча ў спіс. □ Змены, што я ўнесла ў меню, асаблівага ўздыму не выклікалі. Савіцкі. // Дабавіць, дадаць да таго, што ўжо ёсць у наяўнасці, зрабіць папраўкі. [Язэп:] — План людзі складалі, і людзі могуць унесці ў яго папраўкі. Асіпенка.

4. Даць пранікнуць куды‑н., умяшаць у што‑н. Унесці кампост. Унесці мінеральныя ўгнаенні.

5. перан. Выклікаць, зрабіць. Больш жвавасці унесла заўвага Клаўдзі Хацкевіч. Шамякін. // Узбагаціць. Творы .. [М. Танка] ваеннага часу і пасляваенных гадоў ўнеслі значны ўклад у беларускую савецкую літаратуру. Бугаёў.

•••

Унесці свежы струмень у што — ажывіць, зрабіць больш цікавым, разнастайным.

Унесці яснасць — растлумачыць што‑н., зрабіць больш ясным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)