Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уве́рсе, прысл.

У верхняй частцы чаго‑н.; угары; проціл. унізе. Над дзвярыма ўверсе была вялікая шчыліна. Чорны. // У вышыні (у паветры, у небе). Уверсе пікіраваў самалёт. М. Ткачоў. У сонечныя дні стары Гарась, выбраўшыся з хаціны, вобмацкам апускаўся на палена пад стромкім, амаль высахлым дубам, які толькі высока ўверсе зелянеў дзвюма галінамі. Ракітны.

уве́рх, прысл.

1. У вышыню, угору; увысь; проціл. уніз. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх. Лынькоў. Туман ірвануўся ўверх. Бядуля. // У напрамку да верхняй часткі чаго‑н. Перамагаючы страх, я пачынаю карабкацца па сцяне. Але ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз .. — Пачакай, — кажу я, — дай злаўчыцца. Зноў карабкаюся ўверх. Якімовіч.

2. (звычайна ў спалучэнні з наз. у Т). Унутраным бокам наверх, ніжняй часткай прадмета ўгору. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас. [Рыбацкая лодка] не была прыкута, а ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. У напрамку да вытоку, вярхоўя ракі, супраць цячэння. Буксір узяў курс уверх па рацэ. «Маладосць». Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся .. далей, уверх па рэчцы. Брыль. — Дзядзька Мікола, — кажа [Настасся Ніліпаўна] старому, — не ўніз, а ўверх плывём. Бялевіч.

•••

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

Уверх дном — не так, як трэба (ісці, пайсці і пад.) — пра ход спраў, парушэнне звычайнага парадку. [Марыля:] Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном. Купала.

уверцю́ра, ‑ы, ж.

1. Музычны уступ да оперы, балета, драмы і пад. Уверцюра да оперы «Алеся». // перан. Пачатковы этап, папярэдняя частка чаго‑н. Прысвячаючы паэму «Сымон-музыка» беларускай моладзі, паэт напіша вельмі прачулую, глыбокую паэтычным .. сэнсам уверцюру, у якой у значнай меры раскрые сваё крэда паэтычнага бачання, адчування свету. Навуменка.

2. Невялікі музычны твор у форме санаты. Сімфанічная уверцюра.

[Фр. ouverture ад ouvrir — адкрываць.]

уве́рчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увярцець.

уве́рчвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да увярцецца.

2. Зал. да уверчваць.

уве́рчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да увярцець.

уве́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак., у чым і з дадан. сказам.

Разм. Канчаткова пераканацца ў чым‑н. [Калядка:] — Ну як, таварыш Кавалёў, што вы выхадзілі? [Кавалёў:] — Па праўдзе сказаць, нічога. Толькі ўверыўся, што балота непраходнае. Чарнышэвіч. Дзяўчаткі ідуць пазней, надта ж развясёлыя. Аж сцены звіняць ад смеху. Быццам, усё ўжо яны спазналі, уверыліся ў сваім шчасці. Мыслівец.

уве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго ў чым і з дадан. сказам.

Разм. Канчаткова паверыць у што‑н. Анюта і напраўду ўверыла, што ёй такі здалося... Лобан. // Пераканаць у чым‑н. [Гарбачыо:] А можа Любоў сапраўдная і страсць пар[а]стак новы Дасць роду вашаму, бо вера горы рушыць, Паверце самі і людзей уверце ў гэтым. Клімковіч.

уве́сну, прысл.

Разм. Вясной. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Маўр. [Пятровіч:] Ты ўся ў юнацкім захапленні, Цвіцеш, як луг увесну за ракой. Бачыла.

уве́сці, увяду, увядзеш, увядзе; увядзём, уведзяце; пр. увёў, увяла, ‑ло; заг. увядзі; зак., каго-што.

1. Прымусіць увайсці ўнутр чаго‑н., прывесці куды‑н. Увесці войскі ў горад. □ [Леапольд] усё стаяў ля сына, як той пераадзяваўся, каб увесці яго ў хату самому. Чорны. [Міхась] адчыніў хлеў, увёў туды веласіпед. Дамашэвіч. Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў [у двор] фурманку. Лобан. // Прыняць, уключыць у склад чаго‑н., далучыць да ліку чаго‑н. Увесці ў праўленне. Увесці ў склад экспедыцыі. // Уліць, упусціць унутр чаго‑н. Увесці глюкозу ў вену. Увесці камфару хвораму.

2. Уключыць у што‑н., зрабіць дзённым або ўжывальным. Увесці ў бой новыя сілы. Увесці канал у эксплуатацыю. Увесці ва ўжыванне новае лякарства. Увесці мяч у гульню. □ Аўтар старанна сабраў і ўвёў у навуковы абыход многія зусім невядомыя факты. Івашын.

3. Устанавіць, укараніць; пакласці пачатак чаму‑н. Увесці самаабслугоўванне. Увесці пастаяннае дзяжурства. Увесці надзвычайнае становішча. □ Калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч. Максім .. разумеў, што сапраўды няблага б увесці на ферме механічнае даенне кароў. Дайліда. Каб хутчэй увесці правільны севазварот у «Чырвонай ніве», акрамя ўсяго іншага, не хапала насення канюшыны. Шахавец.

4. Пазнаёміць, дапамагчы асвоіцца з чым‑н. Увесці ў свае планы. □ Апошка ўвёў яе [Марыну] ў навуку, Як трэба пчолак даглядаць. Колас. Работа ў газеце ўвяла мяне, калі так можна сказаць, у самую гушчу літаратурнага жыцця. Карпаў.

5. Уцягнуць у што‑н., схіліць да чаго‑н. (звычайна адмоўнага). Увесці ў выдаткі. Увесці ў грэх. // Прывесці ў які‑н. стан. Вонкавая прастата і беднасць падарожнікаў ўвялі ў зман жанчыну. Шамякін. У вачах .. [Марыны Паўлаўны] Галілей убачыў слёзы, і гэта ўвяло яго ў страшэннае замяшанне. Зарэцкі.

•••

Увесці ў вушы каму — падказаць каму‑н. неабходнасць якога‑н. дзеяння.

Увесці ў злосць — раззлаваць.

Увесці ў зман — падмануць, ашукаць.

Увесці ў курс чаго — пазнаёміць каго‑н. дэталёва або ў агульных рысах з чым‑н.

Увесці ў моду — зрабіць прывычным, звычайным што‑н.

Увесці ў слёзы — расхваляваць, прымусіць заплакаць.

Увесці ў страту — прымусіць растраціцца.

Увесці ў строй — зрабіць дзейным (пра што‑н.).