уве́рх, прысл.

1. У вышыню, угору; увысь; проціл. уніз. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх. Лынькоў. Туман ірвануўся ўверх. Бядуля. // У напрамку да верхняй часткі чаго‑н. Перамагаючы страх, я пачынаю карабкацца па сцяне. Але ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз .. — Пачакай, — кажу я, — дай злаўчыцца. Зноў карабкаюся ўверх. Якімовіч.

2. (звычайна ў спалучэнні з наз. у Т). Унутраным бокам наверх, ніжняй часткай прадмета ўгору. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас. [Рыбацкая лодка] не была прыкута, а ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. У напрамку да вытоку, вярхоўя ракі, супраць цячэння. Буксір узяў курс уверх па рацэ. «Маладосць». Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся .. далей, уверх па рэчцы. Брыль. — Дзядзька Мікола, — кажа [Настасся Ніліпаўна] старому, — не ўніз, а ўверх плывём. Бялевіч.

•••

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

Уверх дном — не так, як трэба (ісці, пайсці і пад.) — пра ход спраў, парушэнне звычайнага парадку. [Марыля:] Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)