Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

новапрыдба́ны, ‑ая, ‑ае.

Толькі што, нядаўна набыты. Новапрыдбанае абсталяванне.

новапрызна́чаны, ‑ая, ‑ае.

Якога толькі што, нядаўна прызначылі. Новапрызначаны камандзір. □ Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Мележ.

новаспе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Іран., жарт.

1. Нядаўна створаны, арганізаваны, зроблены. Новаспечаны трэст.

2. Які нядаўна атрымаў якую‑н. пасаду, званне. Канстанцін Міхайлавіч уважліва глядзіць на мяне, можа пакрыўдзіў новаспечанага празаіка параўнаннем. Лужанін.

новаство́раны, ‑ая, ‑ае.

Які толькі што, нядаўна створаны.

новаўве́дзены, ‑ая, ‑ае.

Які толькі што, нядаўна ўведзены.

новаўвядзе́нне, ‑я, н.

Што‑н. нядаўна прынятае, уведзенае. Тэхнічнае новаўвядзенне. □ Будаўнікі ўкаранілі каштоўнае новаўвядзенне. «Беларусь».

новаўтварэ́нне, ‑я, н.

1. З’яўленне новых форм або элементаў. Новаўтварэнне мінералаў.

2. Элемент, форма і пад., якія ўзніклі толькі што, нядаўна. Новаўтварэнні ў лёгкіх.

новаўтво́раны, ‑ая, ‑ае.

Які толькі што, нядаўна ўтварыўся.

но́венькі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Зусім новы (у 1 знач.). У той вечар гаспадары сыходзіліся глядзець на новенькую жняярку. Чорны.

2. у знач. наз. но́венькае, ‑ага, н. Навіна. [Гарлахвацкі:] Сядайце, расказвайце, што новенькага. Як жывём, працуем? Крапіва.

3. у знач. наз. но́венькі, ‑ага, м.; но́венькая, ‑ай, ж. Навічок.

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.