Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жы́васць, ‑і, ж.

1. Паўната жыццёвых сіл; жвавасць, ажыўленасць. Вясёласць і жывасць, з якімі Зося выязджала зранку ў поле, змяніліся шэрымі, заўсёднымі вобразамі. Гартны. // Імклівасць, вёрткасць, рухавасць. Жывасць рухаў.

2. Яркасць, выразнасць, вобразнасць. У асобных мясцінах мова помніка губляе сваю жывасць і непасрэднасць. Шакун. Нягледзячы на адсутнасць сюжэтнай напружанасці, апавяданні Змітрака Бядулі не пазбаўлены жывасці. Каваленка.

3. Вастрыня, сіла, яснасць. Аўтар падкрэслівае ў .. [Несцяровіча] назіральнасць і жывасць розуму. Барсток.

жыватво́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жыватворнага.

жыватво́рны, ‑ая, ‑ае.

Які дае жыццё, аднаўляе сілы, ажыўляе. Жыватворнае летняе сонца. □ А пройдзе ноч, жыватворная летняя ноч, — ізноў усё ажывае, зелянее. Кулакоўскі. // перан. Спрыяльны, дабратворны, плённы. Жыватворныя ідэі рэвалюцыі атрымліваюць новыя і новыя перамогі. «ЛіМ».

жыватво́рчы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і жыватворны. Жыватворчы ўплыў. □ Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

жыве́ц, жыўца, м.

Маленькая жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы. — Сёння і шчупак павінен браць. Можна будзе на жыўца паспрабаваць. Лобан. // Вуда, якая нажыўляецца такой рыбкай. Паставіць жыўца.

жывёла, ‑ы, ж.

1. Усякая жывая істота, акрамя раслін. Дзікія жывёлы. Млекакормячыя жывёлы. // Усякая жывая істота ў процілегласць чалавеку. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас.

2. зб. Свойская сельскагаспадарчая скаціна і птушка. Племянная жывёла. Пагалоўе жывёлы. Буйная рагатая жывёла. □ Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі. Колас.

жывёлабо́ец, ‑бойца, м.

Рабочы, які займаецца забоем жывёлы і першапачатковай апрацоўкай туш.

жывёлабо́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да забою жывёлы, прызначаны для забою жывёлы. Жывёлабойная пляцоўка.

жывёлаво́д, ‑а. М ‑дзе, м.

Спецыяліст у галіне жывёлагадоўлі. [У бібліятэцы] былі брашуры аб вопыце жывёлаводаў калгаса.., аб кармленні малочных кароў. Шчарбатаў.

жывёлаво́дства, ‑а, н.

Тое, што і жывёлагадоўля.