жу́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
Абл. Размаўляць, гаварыць. Што каму рупіць, той тое і жупіць. Прыказка.
жураве́ль 1, ‑раўля, м.
Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.
жураве́ль 2, ‑раўля, м.
Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.
жураві́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да журавін. Журавінавы ліст. // Багаты журавінамі. Журавінавае балота. // Прыгатаваны з журавін, з журавінамі. Журавінавае варэнне. Журавінавы напітак. Журавінавы сок.
жураві́ннік, ‑у, м.
Паўзучыя сцяблы журавін. Апамятаўся я толькі ў сухім куп’істым імху.. Скрозь плёўся журавіннік. Сачанка. // Месца, якое зарасло журавінамі. Чуліся без рэха галасы Дзяўчат. Збіралі пацеркі зары На журавінніках. Танк.
жураві́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і журавінавы. Журавінны кісель.
жураві́ны, ‑він; адз. журавіна, ‑ы, ж.
1. Ягадная вечназялёная расліна сямейства бруснічных, якая расце на мохавых балотах.
2. зб. Чырвоныя кіслыя ягады гэтай расліны. На бліжнім балоце жанчыны збіраюць журавіны і брусніцы — восеньскія ягады. Каваль.
жура́ў 1, ‑рава, м.
Разм. Тое, што і журавель 1. Высока-высока ў небе ляцелі ў вырай журавы і гусі. Васілевіч.
жура́ў 2, ‑рава, м.
Разм. Тое, што і журавель 2. Усе відаць, як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчаты край лесу, і бялявы дымок далёка, далёка, дзе праходзіць чыгунка. Лынькоў. У вёсцы ляніва скрыпелі журавы, пелі пеўні. Карпюк.
жураўлепадо́бныя, ‑ых.
Атрад птушак з доўгімі нагамі, шыяй і дзюбай, да якога адносяцца журавель, драфа і інш.