жуда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Тое, што і жудасць. Вёска стаяла пустая і сваёй цішынёй наводзіла жуду на людзей. Бядуля.
жу́дасна,
1. Прысл. да жудасны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё страху, трывогі. Жудасна.. зрабілася Амялляну, калі застаўся з канём адзін у лесе. Колас.
3. прысл. Разм. Вельмі, надзвычайна. І ці знаеш, — як жудасна хочацца жыць, Калі скрозь наліваецца сілаю поле. Глебка.
жу́дасны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае пачуццё страху, чаго‑н. непрыемнага, пакутлівага, жахлівага. Злыя хутарскія сабакі пераклікаліся заядлым брэхам, жудасным і трывожным. Колас. Трэба было думаць аб начлезе. Наперадзе — васемнаццаць гадзін ночы, марознай, жудаснай. Шамякін.
2. перан. Надзвычайна вялікі, вельмі моцны. У тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.
жу́дасць, ‑і, ж.
Трывожнае пачуццё страху, прадчуванне бяды, небяспекі; жах. Таццяна была рада кожнаму пражытаму дню і з жудасцю сустракала кожны новы, не ўяўляючы, як яна перажыве яго. Шамякін. Калі сабака.. ні з таго, ні з сяго пачынае выць, нейкая жудасць нападзе на чалавека. Бядуля. // Тое, што выклікае страх; трагічная з’ява, жахлівае здарэнне. — Заігралі па спінах сялянскіх панскія бізуны. Я акамянела ад гэтай жудасці. Бядуля. Ні сцюжы дальняга Якуцка, Ні холад лютае зімы, Ні жудасць катаргі нялюдскай, Ні жахі царскае турмы Ягонай сілы не зламалі... Глебка.
жудзь, ‑і, ж.
Абл. Жудасць. Прыйшоў жа Цімох для нарады, Каб жончына слова пачуць: Душа яго прагла спагады — Такая ў ёй цемра і жудзь! Колас. І песні другія пачуюць прасторы, і новую радасць сюды прынясуць, і выкінуць скарбы на бераг азёры, і сонцам расквеціцца дзікая жудзь. Машара.