Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жур, ‑у, м.

Негусты аўсяны кісель.

жураве́ль 1, ‑раўля, м.

Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.

жураве́ль 2, ‑раўля, м.

Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.

жураві́на, ‑ы, ж.

Адна ягада журавін.

жураві́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да журавін. Журавінавы ліст. // Багаты журавінамі. Журавінавае балота. // Прыгатаваны з журавін, з журавінамі. Журавінавае варэнне. Журавінавы напітак. Журавінавы сок.

жураві́ннік, ‑у, м.

Паўзучыя сцяблы журавін. Апамятаўся я толькі ў сухім куп’істым імху.. Скрозь плёўся журавіннік. Сачанка. // Месца, якое зарасло журавінамі. Чуліся без рэха галасы Дзяўчат. Збіралі пацеркі зары На журавінніках. Танк.

жураві́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і журавінавы. Журавінны кісель.

жураві́ны, ‑він; адз. журавіна, ‑ы, ж.

1. Ягадная вечназялёная расліна сямейства бруснічных, якая расце на мохавых балотах.

2. зб. Чырвоныя кіслыя ягады гэтай расліны. На бліжнім балоце жанчыны збіраюць журавіны і брусніцы — восеньскія ягады. Каваль.

жура́ў 1, ‑рава, м.

Разм. Тое, што і журавель ​1. Высока-высока ў небе ляцелі ў вырай журавы і гусі. Васілевіч.

жура́ў 2, ‑рава, м.

Разм. Тое, што і журавель ​2. Усе відаць, як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчаты край лесу, і бялявы дымок далёка, далёка, дзе праходзіць чыгунка. Лынькоў. У вёсцы ляніва скрыпелі журавы, пелі пеўні. Карпюк.

жураўлепадо́бныя, ‑ых.

Атрад птушак з доўгімі нагамі, шыяй і дзюбай, да якога адносяцца журавель, драфа і інш.

жураўлі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жураўля ​1. А ў небе ўдзень і вечарамі Высока роўнымі шнурамі Злятаўся вырай жураўліны. Колас. З далечыні неба зрэдку далятала стрыманае жураўлінае курлыканне. М. Ткачоў.