дружба́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да дружбака, дружбакоў; сяброўскі. [Міхась] наогул быў дружбацкі хлопец і за кампанію гатовы быў аддаць усё. Шахавец. І з тае часіны, дзе б хто з іх ні быў, сувязь дружбацкая між імі не парывалася. М. Ткачоў.
дру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Уст. Таварышка нявесты ў вясельным абрадзе; шаферка. Варочаючыся дамоў, Стэпа стрэлася з Волькаю, якая была за дружку ў Зосі, і расказала Нязвычнісе, як прайшоў шлюб, які настрой валодаў Зосяю і што выявілася ў часе шлюбу. Гартны.
2. Абл. Сяброўка. У абедзвюх так багата агульнага. Усё выказалі дружка дружцы. Галавач.
дру́жнасць, ‑і, ж.
1. Дружба. І тут і сёння, як тады, Дуброўцы ў добрай дружнасці. Бялевіч.
2. Уласцівасць дружнага (у 1 знач.). Дружнасць сям’і.
дру́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны дружбай, узаемнай згодай. Дружная сям’я. Дружны калектыў. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі. Слаўна правялі .. [рыбакі] дзень у дружнай кампаніі на беразе рэчкі! Якімовіч. / у знач. наз. дру́жныя, ‑ых. Толькі дружныя ніякіх Не баяцца перашкод. Кірэенка.
2. Які адбываецца адначасова, узгоднена; аднадушны. Дружная работа. Дружны рогат. □ Такога дружнага сходу яшчэ ні разу ў калгасе не было. Дуброўскі. Камандзіры прайшлі ўздоўж строю. Атрады сустракалі іх дружным «ура!». Шамякін. // Які бурна, хутка адбываецца; спорны. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. Апоўначы наліўся дружны цёплы дождж. Мележ.
дружо́к, ‑жка, м.
1. Ласк. да друг (звычайна ў звароце). — Ну, што, дружок? Пусцім дымок? — казаў Галубовіч, лагодна усміхнуўшыся. Колас.
2. Адзін з распарадчыкаў у вясельным абрадзе. Хлопцы не адчынялі маладым вароты, пакуль дружок з завязаным наўкос ручніком не сышоў з воза. Сабаленка.
дружы́на, ‑ы, ж.
1. У Старажытнай Русі — група з прыбліжаных князя, якая складала асноўнае яго войска і прымала ўдзел у кіраванні княствам. Дружына полацкага князя.
2. Добраахвотнае аб’яднанне, група, атрад, створаныя з якой‑н. мэтай. Баявыя рабочыя дружыны. Санітарная дружына. Пажарная дружына. Піянерская дружына.
•••
Народная дружына — добраахвотная арганізацыя ў СССР, якая дапамагае міліцыі ў ахове грамадскага парадку.
дружы́ннік, ‑а, м.
Член дружыны. Дружыннікі мужна абаранялі Прэсню. «Беларусь». Камсамольцы-дружыннікі адабралі зброю, скруцілі забіяку і перадалі ў міліцыю. Дуброўскі.
дружы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дружыны.
дружы́ць, дружу, дружыш, дружыць; незак., з кім і без дап.
Быць у дружбе з кім‑, чым‑н., выяўляць узаемную прыхільнасць; сябраваць. [Зыгмусь з Фэлькам] дружылі вельмі, з самых малых год сваіх. Чорны. Нам дружыць патрэбна між сабою І стаяць за мір — плячо к плячу. Смагаровіч.