Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дро́бязны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дробязі (у 1 знач.); дробны, невялікі. Дробязны тавар. Дробязныя рэчы. // Які датычыцца ўсіх дробязей, дэталей. Дробязныя клопаты. □ — І хоць ты быў сябрам яго бацькі, гэта не дае табе права на дробязнае апякунства ва ўсім. Савіцкі.

2. Неістотны, дробны (у 7 знач.). Першае баявое заданне не ўзрадавала .. [Сашу], бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі! Шамякін. Нарады ў канторы выпісваліся на дробязныя работы, на якіх і спіны не паломіш, але і зарабіць не заробіш. Ермаловіч.

3. Які надае занадта вялікае значэнне дробязям, нязначным рэчам. Дробязны чалавек. □ [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе. Карпаў.

дро́бязь, ‑і, ж.

1. зб. Невялікія прадметы; дробныя рэчы. Сталыя гандляркі на ўсе галасы расхвальвалі свой тавар: рознае жалезнае ламачча, іголкі, ніткі, усякую іншую дробязь. Лынькоў. А маці скрыню пакавала І дробязь розную збірала. Колас. // Дробныя жывыя істоты. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль.

2. зб. Дробныя манеты. [Хлопчык] дастаў жменю дробязі і адлічыў некалькі манет. Курто. Мужчына.. дакурыў, памацаў у кішэнях і, напэўна не знайшоўшы дробязі, дастаў з бумажніка новенькі рубель. Корбан.

3. Падрабязнасць, дэталь. Страшэнны рогат стаяў у гэтым, такім знаёмым да самых дробязей, кабінеце. Лынькоў. Паэта цікавілі і хвалявалі ўсе дробязі вясковага жыцця. Кухараў. // Што‑н. нязначнае, малаважнае, не вартае ўвагі. Вой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Мележ. — Дамашнія спрэчкі і ўсё іншае .. не мае ніякай вартасці; усё гэта дробязь. Чорны. У цёткі Аўгінні было цяпер шмат работы, і ёй не было калі зважаць на такую дробязь, як парадак у хаце. М. Стральцоў.

•••

Разменьвацца на дробязі гл. разменьвацца.

дро́вы, дроў, дрывам; адз. няма.

Распілаваныя і паколатыя дрэвы, пасечанае галлё, якія ідуць на паліва. Яловыя дровы. Сухія дровы. Секчы дровы. □ Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Лынькоў. Дровы.. разгарэліся добра, аж грубка гула. Сабаленка.

•••

Наламаць дроў гл. наламаць.

Хто ў лес, хто па дровы гл. хто.

дро́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Абл. Падскокваць, трэсціся. [Арлоўскі] хваравіта моршчыўся і стагнаў, калі сані дрогаліся ад тоўстых каран[ёў] дрэў. Паслядовіч. Пад нагамі ў .. [Салаўёва] гайдаецца і дрогаецца кузаў грузавіка. Шарахоўскі.

дро́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Стукаць, калаціць. Дрогаць у дзверы. // безас. Трэсці. [Дзмітрый] туга прытарочыў парашутыста да броні. Каб не дрогала ў галаву, падклаў пад ніз яго ж мундзір. Беразняк.

дро́гкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дрогкага.

дро́гкі, ‑ая, ‑ае.

Які трасе або трасецца. Расцёрты ў пальцах лісток пах, як вясковая ралля. Гэта нагадала Свідзерскаму той далёкі час, калі ён з бацькам ездзіў на дрогкай брычцы ў поле. Хомчанка. Усёю пяцярнёю экскаватар у дрогкі кузаў сыпле жаўтазём. Барадулін. // Які выклікае трасенне; няроўны, нягладкі. Цераз колькі хат быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй цераз выган у шырокі палявы прастор. Галавач. [У]ецца лясная дарожка, ляскаюць калёсы.. па дрогкай лясной зямлі. Марціновіч.

дро́жджавы,

гл. дражджавы.

дро́жджы, дражджэй; адз. няма.

Род аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, якія выклікаюць браджэнне, а таксама рэчыва з такіх грыбоў, якое прымяняецца ў хлебапячэнні, прыгатаванні піва і пад. Піўныя дрожджы. Цеста на дражджах.

•••

Кармавыя дрожджы — каштоўны бялковы корм для сельскагаспадарчай жывёлы, які атрымліваецца вырошчваннем дражджэй на адходах харчовай прамысловасці і іншых прадуктах.

Як на дражджах — вельмі хутка (расці, паднімацца і пад.).

дро́жкі, ‑жак; адз. няма.

Лёгкі адкрыты экіпаж. Сам наш старшыня, не давяраючы нікому, намазаў восі і колы ў дрожках, запрог каня і пакаціў па горадзе. Дубоўка.