дро́бязь, ‑і, ж.
1. зб. Невялікія прадметы; дробныя рэчы. Сталыя гандляркі на ўсе галасы расхвальвалі свой тавар: рознае жалезнае ламачча, іголкі, ніткі, усякую іншую дробязь. Лынькоў. А маці скрыню пакавала І дробязь розную збірала. Колас. // Дробныя жывыя істоты. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль.
2. зб. Дробныя манеты. [Хлопчык] дастаў жменю дробязі і адлічыў некалькі манет. Курто. Мужчына.. дакурыў, памацаў у кішэнях і, напэўна не знайшоўшы дробязі, дастаў з бумажніка новенькі рубель. Корбан.
3. Падрабязнасць, дэталь. Страшэнны рогат стаяў у гэтым, такім знаёмым да самых дробязей, кабінеце. Лынькоў. Паэта цікавілі і хвалявалі ўсе дробязі вясковага жыцця. Кухараў. // Што‑н. нязначнае, малаважнае, не вартае ўвагі. Вой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Мележ. — Дамашнія спрэчкі і ўсё іншае .. не мае ніякай вартасці; усё гэта дробязь. Чорны. У цёткі Аўгінні было цяпер шмат работы, і ёй не было калі зважаць на такую дробязь, як парадак у хаце. М. Стральцоў.
•••
Разменьвацца на дробязі гл. разменьвацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)