дзед 1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Бацькаў або матчын бацька. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва.
2. Стары чалавек. Па раёну ходзіць слава, Што Анісім — мудры дзед. Панчанка.
3. Разм. Муж. Добра каша пры хлебе, добра баба пры дзедзе. Прыказка.
•••
Дзед Мароз — казачная істота, увасабленне марозу ў выглядзе дзеда з доўгай сівой барадой, у кажуху, зімовай шапцы, з кіем у руцэ. Вокны друкарні зусім замурованы дзівоснымі ўзорамі Дзеда Мароза. Брыль.
За дзедам-шведам — вельмі даўно.
Следам за дзедам гл. следам.
дзед 2,
гл. дзяды 2.
дзед 3, ‑а, М ‑дзе, м.
Уст. Прыстасаванне, у якое ўтыкалася лучына для асвятлення хаты. Цьмяна гарэла лучына, уваткнутая ў дзеда — спецыяльна зробленую для гэтага прыладу. Чарнышэвіч. [Гаспадар] схадзіў у цёплую хату, вынес адтуль «дзеда» з лучынай, з запальніцы падпаліў. Лобан.
дзе́даў, ‑ава.
Які належыць дзеду 1 (у 1, 2 знач.). Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца. Брыль.
дзе́даўскі і дзядо́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дзеда 1 (у 1, 2 знач.). Хата наша — яшчэ дзедаўская, малая і нізкая. Брыль. Першы раз .. пакідаю з прымусу Кут дзядоўскі, што казкамі здаўна пранік. Тарас.
2. Атрыманы ў спадчыну ад продкаў, уласцівы продкам; старадаўні; устарэлы. Дзедаўскі спосаб апрацоўкі зямлі. Дзедаўская тэхніка. Дзедаўскія звычкі.
дзе́даўшчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Спадчына пасля дзеда (пераважна зямельная).
2. Дзедаўскі, старадаўні спосаб, звычай. — А шум ужо даўно па раёне ідзе: пятроўцы назад пайшлі, на дзедаўшчыну павярнулі! Ракітны.
дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.
Гіст.
1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.
2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.
дзе́дка, ‑і, м.
Памянш.-ласк. да дзед 1.
дзеепрыме́тнік, ‑а, м.
Форма дзеяслова, у якой сумяшчаюцца адзнакі дзеяслова (час, стан, трыванне) і прыметніка (змена па родах, скланенне). Дзеепрыметнікі залежнага стану. Дзеепрыметнікі незалежнага стану.
дзеепрыме́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзеепрыметніка. Дзеепрыметная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыметніка. Дзеепрыметнае словазлучэнне.
дзеепрысло́ўе, ‑я, н.
Нязменная форма дзеяслова, якая спалучае ў сабе адзнакі дзеяслова і прыслоўя. Дзеепрыслоўе цяперашняга часу. Дзеепрыслоўе прошлага часу.
дзеепрысло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўнае словазлучэнне.