глыта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для глытання, суправаджае глытанне. Глытальныя мышцы.
глыта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. глытаць.
глыта́цца, ‑аецца; незак.
1. Паддавацца глытанню. Сухая ежа, не глытаецца.
2. Зал. да глытаць.
глыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
1. Пры дапамозе мышцаў горла праштурхоўваць што‑н. у стрававод і страўнік. Глытаць ежу. Глытаць пілюлі. // Уцягваць у сябе паветра, дым, пыл і інш. Глытаць паветра. □ Усё роўна, дзе грудзьмі глытаць Марскі ахрыплы вецер. Танк. // перан. Паглынаць, усмоктваць (пра багну і пад.). Краіна мая, Ты фашыстаў сустрэла Агнём і сякерай, Гранатай і стрэлам, Калола іх хвояй, Глытала дрыгвою. Панчанка.
2. Разм. Есці, піць з прагнасцю, вялікімі глыткамі. Удовін сын з сябрамі шклянкамі п’юць, а Вадапой — цэлымі бочкамі глытае. Якімовіч. // перан. З прагнасцю чытаць; прагна слухаць. Глытаць кнігі. □ Я глытаю кожнае дзедава слова. Бядуля.
•••
Глытаць слёзы — старацца стрымаць слёзы.
Глытаць сліну (слінку) — з зайздрасцю, з прагнасцю глядзець на што‑н. смачнае, прывабнае, але недаступнае.
Глытаць словы — гаварыць неразборліва, невыразна; не дагаворваць слоў.
глытну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Тое, што і глынуць. [Жанчына] глытнула некалькі разоў гарачага чаю. Караткевіч.
глыто́к, ‑тка, м.
1. Аднаразовы рух глытальных мышцаў пры глытанні; глытальны рух. Піў захліпаючыся, глыбокімі глыткамі. Напіўшыся, прылёг на левы бок. Хомчанка.
2. Колькасць яды або вадкасці, якую можна праглынуць за раз. Маленькі глыток. □ [Лялькевіч] выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць павольна, смакуючы кожны глыток. Шамякін. // Зусім невялікая колькасць яды або пітва. У бязмежнай прасторы сіняй не знайсці ні глытка вады. А. Вольскі.