богатвары́ць, ‑твару, ‑тварыш, ‑тварыць; незак., каго-што.
Бязмежна любіць. Богатварыць сына. □ Свой «ТТ» Валя богатварыла, як хлапчук, але ставілася да яго зусім па-дзявочы. Карпаў.
бо́гаў, ‑ава.
Разм. Які мае дачыненне да бога; божы. Аграномы ды машыны парадкі богавы змянілі. Прыказка. — Памажы вам... — пачынае дзядзька Сымон і не канчае: богавай дапамогі.. [землякопам] не трэба. Колас.
богашука́льнік, ‑а, м.
Прыхільнік богашукальніцтва.
богашука́льніцтва, ‑а, н.
Рэакцыйная рэлігійна-філасофская плынь сярод рускай ліберальнай інтэлігенцыі пачатку 20 ст., якая прапанавала перабудаваць сучасныя формы грамадзянскага побыту і чалавечага існавання на аснове абноўленага хрысціянства.
богашука́нне, ‑я, н.
Кніжн. Тое, што і богашукальніцтва.
богпо́мач, выкл.
Уст. Ветлівае пажаданне поспеху пры сустрэчы з чалавекам, які працуе. [Сегенецкі:] — Араў там, зябліў на нашай горцы пнівадзіцкі Шлёма.. Я сабе іду і богпомач не даю. Чорны.
бо́дня, ‑і, ж.
Спец. Шырокае металічнае вядро для падняцця пароды ў шахтах. Трыццатага красавіка раніцаю брыгада Уладзіміра Мургі з другога ствала падала на-гара першую бодню з калійнай соллю. Кулакоўскі.
бое... (а таксама бая...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «бой», «баявы», напрыклад: боегатоўнасць, боепрыпасы.
боегало́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
Пярэдняя частка артылерыйскага снарада, ракеты з узрывальнікам.
боегато́ўнасць, ‑і, ж.
Гатоўнасць да вядзення баявых дзеянняў. Боегатоўнасць войск.