Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.

2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.

3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.

падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.

Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.

падрабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да падрабіцца.

2. Зал. да падрабляць.

падрабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падрабіць ​1.

падрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

1. Стаць дробным, драбнейшым. Дождж, які перад гэтым ліў як з лубу, спачатку падрабнеў, затым перастаў зусім. Сіняўскі. Лес падрабнеў — пайшлі нізкія тонкія елкі. Пташнікаў.

2. перан. Страціць унутраную значнасць, стаць пасрэдным. — Эхе-хе, мая дзяціна, — Уздыхнуў Даніла дзед: — Падрабнела і людзіна, Падрабнеў цяпер і свет. Колас.

падрабнёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падрабніць.

падрабні́цца, ‑дробніцца; зак.

Скрышыцца, раздрабіцца на частачкі. Камень падрабніўся.

падрабні́ць, ‑драбню, ‑дробніш, ‑дробніць; зак., што.

Скрышыць, раздрабіць на частачкі.

падрабры́нне, ‑я, н.

Спец. Месца пад рэбрамі. Левае падрабрынне.

падрабры́нны, ‑ая, ‑ае.

Які размяшчаецца, знаходзіцца пад рэбрамі. Падрабрынная плеўра. Падрабрынныя мышцы.

падрабя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць падрабязнага. Падрабязнасць паведамлення.

2. Прыватная дэталь, дробная акалічнасць якой‑н. справы і пад. [Мікола і Таня] абгаварылі ўсе падрабязнасці будучага вяселля: і калі яго пачаць, і каго запрасіць, і як трымацца на людзях. Новікаў. Наведвальнікі паведамлялі ўсё новыя і новыя падрабязнасці пра палёт Цітова, і Зіна толькі і слухала іх. Васілёнак.