Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпо́льшчык, ‑а, м.

Той, хто працуе ва ўмовах падполля (у 2 знач.). Саша з нецярплівасцю чакала, калі падпольшчыкі дадуць ёй заданне. Шамякін. Адвага падпольшчыка толькі тады апраўдана, калі яна спалучаецца са строгай канспірацыяй. Новікаў.

падпо́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да падпольшчык.

падпо́р, ‑у, м.

Спец. Напор вады ў рацэ, канале з прычыны звужэння рэчышча, загароды плацінай і пад.

падпо́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, што і падпорка. Бярозавыя падпоры гнуцца пад цяжарам спелых антонавак. Грамовіч. Высокая, на чатырох металічных падпорах,.. [вышка] нагадвае крыху тэлевізійную мачту. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Падтрымка, апора (у 3 знач.). Бежанства зблытала .. [Сёмкавы] разлікі, выбіла з-пад ног падпору і вось — .. бяздомны валацуга. Гартны.

падпо́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падпорваць.

падпо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпароць.

падпо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падстаўка, слуп, які падпірае тое, што можа абваліцца, упасці, зламацца. У садках — падпоркі пад яблынямі, жаўтабокія антонаўкі раз-пораз бухкаюць на зямлю. Навуменка. Знайшоўся якісьці добры чалавек, нарабіў бабінай хатцы падпорак і абклаў яе прызбаю. Якімовіч.

падпо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які падтрымлівае што‑н., служыць падпоркай. Падпорны слуп.

падпо́ўзваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпаўзці.

падпра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

Разм.

1. Аднавіцца, наладзіцца (пра што‑н. разбуранае, заняпалае). Леташні, другі па ліку, пасляваенны год быў ураджайны, некаторыя калгасы трохі падправіліся, сёе-тое далі на працадзень. Навуменка.

2. Аднавіць крыху сваё здароўе, сілы; падлячыцца.