Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кво́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты. Люда здавалася побач з мажным шыракаплечым Туміліным танюткай і кволай. Савіцкі. Птушаня, маленькае, кволае і такое бездапаможнае, сядзела непадалёку ў траве і сутаргава разяўляла жоўтую дзюбку. Курто. // Які дрэнна расце, развіваецца (пра расліны). У Аксінні тулілася да зямлі, апусціўшы вушы, кволая расада, а ў Палікарпаўны весела цягнуліся к сонцу букецікі. Кулакоўскі. // Слабы, маладзенькі, далікатны. Увайшлі [Сашка і дзед] у бярозавы гай. Ад беластволых красунь, у якіх толькі-толькі на[клёў]валіся кволыя лісточкі, здавалася, навокал пасвятлела. Даніленка. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся кволымі бледна-жоўтымі і ружовымі сыраежкамі. Васілевіч.

2. Невялікі па сіле, інтэнсіўнасці, напружанасці. Кволае полымя. Кволы голас. □ Кволы ветрык лашчыў зялёную маладую травіцу. Мурашка.

3. Недастаткова моцны; нетрывалы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго .. дзябёлае тулава. Колас. Наладаваныя трохтонкі, палутаркі.., быццам вялізныя жукі, спаўзаюць з узгорка на кволы мост. Брыль.

4. перан. Малы, слабы, нязначны. Кволая надзея. □ Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім і не давала супакою. Мележ. [У Чудзіна] надта хутка пагаслі тыя кволыя пачуцці сумлення, якія разбудзіў у хлопца Ганчароў сваёй гутаркай. Карпюк.

кво́рум, ‑у, м.

Найменшая колькасць прысутных на сходзе якой‑н. арганізацыі, неабходная па закону або статуту для прызнання сходу правамоцным. Прычын, якія б перашкодзілі правесці сход, Іван не бачыць. Кворум ёсць. Навуменка.

[Лац. quorum (praesentia sufficit) — якіх (прысутнасць дастатковая).]

кво́та, ‑ы, ДМ квоце, ж.

1. Частка, доля, норма таго, што дапускаецца ў абмежаванай колькасці. Іміграцыйная квота. Імпартная квота.

2. Велічыня падатку, які ўстанаўліваецца з кожнай адзінкі абкладання. Падатковая квота.

3. У капіталістычным манапалістычным аб’яднанні — устаноўленая сіндыкатам або картэлем доля кожнага ўдзельніка ў агульнай вытворчасці, збыце прадукцыі.

[Ад лац. quot — колькі.]

квэ́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым і без дап.

Разм.

1. Мазаць, размазваць. Квэцаць сцяну. Квэцаць квачом. // Пэцкаць, брудзіць. Квэцаць адзежу.

2. перан. Дрэнна, безгустоўна маляваць.

квяці́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць квяцістага. Квяцістасць лугоў. Квяцістасць дзявочага адзення. Квяцістасць стылю.

квяці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю кветак, пакрыты кветкамі. Квяцісты луг. □ Ля ракі, за квяцістаю пожняй, Даўгавусы ячмень прытуліўся. Журба. Пад звонкай хвояю іглістай, Прабіўшы мох, як буравік, Стаіць у верасе квяцістым Лясное дзіва — баравік. Цвірка.

2. З узорам у кветкі; яркі, каляровы. Квяцістая хустка. Квяцістыя шпалеры. □ Дзяўчаты стаялі асобнай купкай у яркіх квяцістых плаццях. Асіпенка.

3. перан. Залішне напышлівы (пра мову, стыль і пад.). Квяцістыя словы. Квяцістая прамова.

кеб, ‑а, м.

Аднаконны экіпаж у Англіі.

[Англ. cab.]

ке́гель, ‑ю, м.

Памер друкарскай літары (у вышыню), вызначаны ў друкарскіх пунктах.

[Ням. Kegel.]

кегельба́н, ‑а, м.

Драўляны памост для гульні ў кеглі, а таксама спецыяльнае памяшканне для гэтай гульні.

[Ням. Kegelbahn.]

ке́гельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кегляў. Кегельны шар.