зачарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў чэрствым, зацвярдзеў. Зачарсцвелы кавалак хлеба з агурком здаюцца незвычайна смачнымі. Навуменка. // перан. Бяздушны, нячулы. Бацька ўслед за дачкою трапіў у вір такіх падзей, якія здольны адрадзіць як уражлівую да новага маладую душу Таццяны, так і зачарсцвелую натуру старога чалавека. У. Калеснік.
зачарсцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць чэрствым; зацвярдзець. Хлеб зачарсцвеў. □ Дзяжа так усохла і зачарсцвела, Што хлебная завязь звялася. Вітка. // перан. Стаць бяздушным, нячулым. Няўжо ты так зачарсцвела на сваёй рабоце, што страціла ўсялякую цікавасць да людзей? Шамякін. За стол чыноўніцкі.. [Язэп Макаравіч] учапіўся, у паперы закапаўся з галавой.. Ды вось бяда: ён зачарсцвеў душой. Валасевіч.
зачарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; зак., што.
Пакрыць лініямі, рысамі; скарыстаць пад чарцяжы. Зачарціць ліст паперы. Зачарціць увесь альбом.
зачаса́ны і зачэ́саны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зачасаць.
зачаса́цца, ‑чашуся, ‑чэшашся, ‑чэшацца; зак.
Разм. Прыгладзіць грэбенем свае валасы; прычасацца.
зачаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.
Прыгладзіць валасы грэбенем у адным напрамку; прычасаць. Баляслаў вымыўся ўжо, зачасаў мокрыя валасы. Чорны.
зачаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.
1. Чэшучы тапаром, завастрыць канец палкі, кала і пад. Зачасаць палю.
2. Зрабіць засечку, зачос. Зачасаць бервяно.
зачастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Разм.
1. Стаміць, надакучыць, старанна частуючы.
2. і чаго. Пакаштаваць, паспрабаваць. — Добры дзень! [Дзед:] — Здароў, Рыгорка! — Усё ходзіш? — Так. Хаджу. — Зачастуй маёй махоркі, Пэўна, ёю дагаджу... Панчанка.
зачасці́ць, ‑чашчу, ‑часціш, ‑часціць; зак.
Разм.
1. Пачаць рабіць што‑н. у хуткім тэмпе. Конь зачасціў капытамі па знаёмай лёгкай выезджанай дарозе. Галавач.
2. Пачаць часта паўтарацца. Зачасцілі дажджы. □ Сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала. Лупсякоў.
3. Пачаць часта хадзіць куды‑н. Людзі з вёсак, з двароў зачасцілі ў мястэчка. Гартны. А праз тыдні два падкія да мастацтва гараджане зачасцілі ў майстэрню новага мастака. Нядзведскі.
зача́так, ‑тка, м.
1. Першапачатковая форма чаго‑н., здольная да далейшага развіцця; зародак. Зачатак плода.
2. перан. Першае праяўленне, пачатак чаго‑н. Зачаткі культуры. □ Першым сур’ёзным зачаткам пралетарскай партыі ў Расіі быў створаны У.І. Леніным у 1895 годзе «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». «Полымя».
3. Астатак органа, які страціў сваё значэнне; рудымент.
зача́ткавы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў пачатку свайго развіцця. Зачаткавы орган. // Першапачатковы, пачатковы. Зачаткавы стан.