падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да падмыць.
2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.
падмы́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падмыліць.
падмы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Разм. Крыху або дадаткова намыліць.
падмы́львацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падмыльваць.
падмы́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падмыліць.
падмы́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падмыць.
падмы́ў, ‑мыву, м.
Дзеянне паводле дзеясл. падмываць — падмыць (у 3 знач.).
падмы́цца, ‑мыюся, ‑мыешся, ‑мыецца; зак.
Падмыць сабе некаторыя часткі цела.
падмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.
1. Памыць каму‑н. некаторыя часткі цела. Падмыць дзіця.
2. Разм. Памыць злёгку, на скорую руку, у асобных месцах. Падмыць падлогу.
3. Размыць знізу. Вада ўжо крыху апала, але падмыла берагі ў рацэ. Пташнікаў. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засынала пляцоўку. Савіцкі. / у безас. ужыв. [Стругач:] — Дарогі цяпер кепскія, масты падмыла, будзеш ехаць-ехаць — і раптам плюх у якую-небудзь лужыну. Прокша.