цеплафіка́цыя, ‑і, ж.
Цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне, заснаванае на камбінаванай выпрацоўцы цеплавой і электрычнай энергіі цеплавымі электрастанцыямі. Цеплафікацыя прамысловых прадпрыемствах. Цеплафікацыя жылых дамоў.
цеплахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Марское або рачное судна з поршневымі рухавікамі ўнутранага згарання. Цеплаход ішоў на малой хуткасці, і зялёныя берагі канала павольна плылі насустрач нам. Пальчэўскі.
цеплахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цеплахода, з’яўляецца цеплаходам. Цеплаходнае судна.
цеплацэнтра́ль, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і цеплаэлектрацэнтраль.
цеплаэлектрацэнтра́ль, ‑і, ж.
Цеплавая электрычная станцыя, што выпрацоўвае электраэнергію і цяпло, якое накіроўваецца спажыўцам у выглядзе гарачай вады і пары. Не бездапаможная карлікавая гідраэлектрастанцыя на Палаце, а магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч.
цеплаэнерге́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Спец.
1. Галіна цеплатэхнікі, якая займаецца пераўтварэннем цеплаты ў іншыя віды энергіі (механічную і электрычную).
2. Тэорыя і практыка прымянення і эксплуатацыі цеплавой энергіі.
цеплыня́, ‑і, ж.
1. Нагрэтасць чаго‑н. Сашка Стафанковіч сядзеў, прыціснуўшыся да Любы.. ён адчуваў цеплыню яе твару. Чорны. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню.. [Лёдзя] адчувала не тварам, а далонямі. Карпаў. Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. // Цёплае паветра ад чаго‑н. нагрэтага, гарачага; больш-менш высокая тэмпература, якая выходзіць ад чаго‑н.; цёплае асяроддзе. Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. Лынькоў. [Марына] адразу ж падхапілася, бо ўспомніла, што цеплыня — гэта ўжо вораг адмарожаным.. нагам. Лупсякоў. // Цёплае надвор’е; цёплы клімат. Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Краўчанка. Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды. Самуйлёнак.
2. Адчуванне ўнутранага цяпла, унутранай сагрэтасці. Лабановіч чуе, як прыемная цеплыня разыходзіцца па целе, і яму зусім добра тут. Колас. Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Васілёнак.
3. перан. Дабрата, сардэчнасць; добрыя, шчырыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нам не забыць навечна Цудоўнай дружбы дні, Сяброўскіх слоў сардэчных, Сяброўскай цеплыні. Кірэенка. Стары ветэран друку з цеплынёй успамінае свае сустрэчы з беларускім паэтам [М. Багдановічам]. С. Александровіч.
церабі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Машына для цераблення лёну, канапель. — Добры лён? — пацікавіўся Лемяшэвіч. — На славу ўрадзіўся. Не ведаем, як і справімся. Далі церабілку. Новенькую. Шамякін.
церабі́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для цераблення лёну, канапель. Церабільная машына.
церабі́льшчык, ‑а, м.
Той, хто цярэбіць лён, каноплі.