дрыль, ‑я, м.
Інструмент для пракручвання дзірак у метале, дрэве і інш.
[Гал. dril.]
дрымо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, м.
Санлівасць; паўсон. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў. Дрымота, якая агарнула мяне на вольным лясным паветры, перадалася і Галінцы, і неўзабаве мы абедзве моцна заснулі. Васілевіч.
дрымо́тна,
1. Прысл. да дрымотны.
2. безас. у знач. вык. Пра дрымотны, санлівы стан. У невялікім фальварку пана Казіміра Рэклайціса не толькі ціха, але нават дрымота, сонна. Пестрак.
дрымо́тнасць, ‑і, ж.
Цяга да сну; санлівасць. Каб перамагчы здрадніцкую дрымотнасць, камісар даставаў папяросу. Лынькоў. У Крушынскага сышла дрымотнасць з твару. Бядуля.
дрымо́тны, ‑ая, ‑ае.
Агорнуты дрымотай; санлівы, паўсонны. Дрымотны стан. □ У вёсцы было ціха, паўзмрочна, і адусюль веяла дрымотным спакоем. Гамолка.
дрыму́чы, ‑ая, ‑ае.
Стары, густы, непраходны (пра лес). Густы дрымучы лес пераходзіць тут у вялікае, неабсяжнае балота. В. Вольскі. Гукі паволі заміралі ў сэрцы дрымучага бору. Бядуля.
дрынду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Разм. Цацка, забаўка. [Янкі], прадаўшы індзейцам розныя падробленыя пад пацеркі дрындушкі, вярнулі свае .. долары адразу ж назад. Кавалёў.
2. Абл. Прыпеўка. Кірмашнікі гулялі... Толькі час ад часу з расчыненых акон хаты несліся па вёсцы гукі звонкага рогату або вясёлай песні-дрындушкі. Чарот.
дры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Адзывацца (пры трасенні) перарывістым дрыжачым гукам; бразгатаць. Вэнева блакітненькая машына дрынкала і пабразгвала цераз увесь горад. Чорны.
2. на чым. Разм. Няўмела іграць на якім‑н. музычным інструменце. Гешка ў такт.. песні дрынкаў на балалайцы. Навуменка.
дрынча́ць і дрынчэ́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Тое, што і дрынкаць. Грузавічок гэты быў на выгляд зусім стары, увесь дрыжаў і дрынчаў, і, аднак жа, на маё вялікае здзіўленне, рухаліся мы даволі хутка. Краўчанка. На краі вёскі адзінока і сумна дрынчэла балалайка. Шамякін.
дры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ісці, ступаючы часта і дробна. Гляджу — па вузенькай сцежачцы.. хуценька-хуценька дрыпае — хутчэй плыве — Размысловіч. Шынклер.