Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзю́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Памянш. да дзюба; тое, што і дзюба. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін.

2. Тонкі завостраны канец чаго‑н., вастрыё. Зламаць дзюбку ў нажы. □ Дзюбкі куль абведзены чырвона-чорнымі паяскамі фарбы. Навуменка.

дзю́бнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Стукнуцца, ударыцца (звычайна тварам). Стары дзюбнуўся тварам у зямлю і застыў. Ставер. [Дыверсант] паспеў саскочыць са слупа, нагнуўся, каб вызваліць ногі ад кошак, ды так і дзюбнуўся галавой у зямлю. Беразняк.

дзю́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да дзюбаць.

2. Разм. Выпіць віна, гарэлкі і пад. Наслухаўся, відаць, немец .. навін і з радасці, што хутка паедзе дамоў, дзюбнуў шнапсу. С. Александровіч.

дзюбча́сты, ‑ая, ‑ае.

З вострым канцом, з вострым верхам. Дзюбчастая вежа.

дзюдаі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца барацьбой дзюдо.

дзю́дзя, ‑і, ж.

У дзіцячай мове — свіння.

дзю́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Свіння (ад пазыўнога дзю-дзю-дзю). — Давай, унучак, пажуём трохі, — сказаў дзед, раскладаючы харчы на траве. — Скора нашы дзюдкі падымуцца. Якімовіч.

дзюдо́, нескл., н.

Японская сістэма самаабароны без зброі. // Від спартыўнай барацьбы, які дапускае скарыстанне болевых прыёмаў.

дзю́на,

гл. дзюны.

дзю́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзюны. Дзюнны ланцуг. Дзюнныя ўтварэнні.