Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які свеціцца, як агонь. Агністая чырвань на ўсходзе Адсвечвае, грае пажарам. Колас. Лес зашумеў мацней, захістаўся. Збоку бліснула яркая агністая паласа. Якімовіч. // Падобны колерам да агню; які адлівае фарбамі агню. З табою, клён, я разважаю. З тваёй агністай галавой. Броўка. // Пякучы, гарачы, як агонь. Усё дзіка, пустынна імшыцца, Агністая спёка стаіць. Багдановіч.

2. Палымяны, бліскучы, які ззяе ад узрушэння і пачуцця (пра вочы, позірк). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы. Багдановіч. // перан. Палымяны, страсны. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... Броўка. // Натхняльны, страсны. Сотні тысяч галодных Узнімаюць, як сцяг, Два агністыя словы: — Мір і хлеб! Глебка.

агні́ца, ‑ы, ж.

Невялікая пасудзіна з кнотам, якая напаўняецца драўняным маслам і запальваецца перад абразамі; лампада. Па харомах вяльмож і царкоўных званіцах Анямеў п’яны спеў і патухлі агніцы. Бядуля.

агні́шча, ‑а, н.

1. Гіст. Прыстасаванне, дзе ў старажытнасць распальвалі і зберагалі агонь.

2. Месца лакалізацыі чаго‑н., крыніца, з якой што‑н. пашыраецца.

агнішча́нін, ‑а, м.

Гіст. Малодшы княжацкі дружыннік, які кіраваў гаспадаркай, дваром і слугамі ў князя (да 11 ст.), потым старшы дружыннік, бліжэйшы дарадчык князя.

агно́стык, ‑а, м.

Паслядоўнік агнастыцызму.

агня...,

Першая частка складаных слоў, якая адпавядае слову «агонь», напрыклад: агнястрэльны, агнякрылы і пад.

агнявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі. □ Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.

2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.

3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.

4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур’ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала. // Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб «агнявой нашай эры». Ярош.

5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.

•••

Агнявая заслона гл. заслона.

Агнявая кропка гл. кропка.

Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.).

Агнявы рубеж гл. рубеж.

Агнявыя сродкі гл. сродак.

агняды́шны, ‑ая, ‑ае.

Які вывяргае агонь, лаву (пра вулкан). Агнядышная гара.

агняздо́ўвацца, ‑аецца.

Незак. да агнездавацца.

агнямёт, ‑а, М ‑мёце, м.

Зброя, якая паражае праціўніка струменем агню.