аглу́хлы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў глухім. Аглухлы чалавек.
аглу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аглух, ‑ла; зак.
1. Страціць пачуццё слыху; стаць глухім. — Ты што?! — грымнуў гаспадар кулаком па стале. — Аглухла?.. Бажко. Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух. Якімовіч.
2. Стаць прыглушаным, заціхнуць (пра гукі). Гудок паравоза раптоўна аглух.
аглуша́льны, ‑ая, ‑ае.
Здольны аглушыць, вельмі моцны, гучны. Пярэдні паравоз узняўся і павіс у вогненным смерчы — шалёна круціліся на месцы калёсы. Усё гэта цягнулася долю секунды і — рассыпалася, распалася ў аглушальным грукаце. Лынькоў.
аглу́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аглушыць.
аглуша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аглушыць.
аглу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аглушыць.
аглушы́цца, аглушыцца; зак.
Напоўніцца аглушальнымі гукамі (пра паветра, прастору). Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам. Якімовіч.
аглушы́ць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.
1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны. // перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.
2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. // перан. Чым‑н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.
3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго‑н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.
аглушэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. аглушаць — аглушыць (у 1 знач.).
2. Спец. Страта звонкім гукам звонкасці і пераход яго ў адпаведны глухі.
аглюцінаты́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да аглюцінацыі (у 1 знач.). Аглюцінатыўная здольнасць крывяной сывараткі.
2. Які характарызуецца аглюцінацыяй (у 2 знач.). Аглюцінатыўныя мовы.