Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агіт...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «агітацыйны», напрыклад: агітбрыгада, агітпункт.

агітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Займацца агітацыяй (у 1 знач.). Трэба мець на ўвазе, што ў гэтай выбарчай кампаніі кожнаму агітатару прыйдзецца агітаваць адначасова за некалькіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. «Звязда». Самае большае, што маглі зрабіць камсамольцы, гэта агітаваць за таварыства. Крапіва.

2. каго. Разм. Пераконваць у чым‑н., схіляць да чаго‑н.; угаворваць. Астатнія [вучні] аднесліся да гуртка з іроніяй, кпілі, бяскрыўдна жартавалі: кожны агітаваў суседа, а сам не запісваўся. Шамякін.

агіта́тар, ‑а, м.

1. Той, хто вядзе агітацыю (у 1 знач.). Палітычны, камсамольскі, прафесійны агітатар.

2. Тое, пры дапамозе чаго вядзецца агітацыя. Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін.

агіта́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да агітатара.

агітацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да агітацыі (у 1 знач.). Агітацыйны калектыў. Агітацыйны плакат. Агітацыйная работа. Агітацыйная літаратура.

агіта́цыя, ‑і, ж.

1. Вусная або праз друк дзейнасць, якая мае сваёй мэтай палітычнае ўздзеянне на свядомасць і настрой мас, распаўсюджванне сярод іх пэўных ідэй і лозунгаў. Камуністычная агітацыя. Масавая палітычная агітацыя. Наглядная агітацыя. Перадвыбарчая агітацыя. Сродкі агітацыі.

2. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. агітаваць (у 2 знач.).

[Ад лац. agitatio — прывядзенне ў рух.]

агітбрыга́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Агітацыйная брыгада, якая вядзе агітацыйна-масавую прапаганду. Часта перад механізатарамі выступае агітбрыгада раённага дома культуры. «Звязда».

агі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Твор літаратуры, жывапісу і пад., які ставіць толькі агітацыйныя мэты і не ўлічвае мастацкага боку. Палітычная агітка. □ Няўжо такі выдатны верш? Прачытаў. Нічога асаблівага. Так сабе агітка. Сабаленка.

агіткалекты́ў, ‑тыву, м.

Калектыў агітатараў, які ствараецца пры пярвічных арганізацыях КПСС для вядзення агітацыйнай работы сярод насельніцтва.

агітма́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да агітацыйнай, грамадска-палітычнай работы сярод мас.