Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агля́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць агляднага; аглядны характар чаго‑н.

2. Асцярожнасць, прадуманасць дзеянняў, учынкаў. Такая агляднасць Вачынскай кінулася мне ў вочы. Пестрак.

агля́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можна агледзець, акінуць, ахапіць поглядам.

2. Які з’яўляецца аглядам (у 3 знач.). Аглядны артыкул.

3. Які мае дачыненне да афіцыйнага інспектавання, праверкі.

агля́дчык, ‑а, м.

Службовая асоба, якая робіць агляд чаго‑н. з мэтай праверкі. Аглядчык вагонаў. Аглядчык засцерагальных лямпаў.

агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.

2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.

3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.

•••

Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.

агля́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Акінуць позіркам. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас.

агнастыцы́зм, ‑у, м.

Спец. Ідэалістычнае філасофскае вучэнне, якое адмаўляе магчымасць пазнання аб’ектыўнага свету як крыніцы нашых адчуванняў.

[Ад грэч. agnōstos — невядомы.]

агнасты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да агнастыцызму, агностыка.

агнездава́цца, агняздуюся, агняздуешся, агняздуецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Звіць сабе гняздо дзе‑н. (пра птушак). Высокай, разгалістай стала ігруша. Цыбаты бусел агнездаваўся на ёй. Лынькоў.

2. перан. Пасяліцца (пра людзей). — Хату там купіў [дзед] і пераехаў у Жалезінкі. А потым ужо, як сталі зямлю даваць, у Ходараве агнездаваўся. Масарэнка.

агнёвы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і агнявы. Агнёвае мора пажару. □ Іх [людзей] злучыў спеў гудкоў, Спаяў стук малаткоў. У іх сэрцах агнёвая горнасць. Журба. Там, дзе сонца агнёвымі крыллямі Хоча слёзы балота выпіць, Шэпча хвалямі ціха гуллівымі Чараўніца — Прыгожая Прыпяць. Чарот. [Раіса] захаплялася.. [Лясніцкім], усміхалася яму такой чароўнай даверлівай усмешкай, ад якой гарэла агнёвай радасцю сэрца. Зарэцкі.

агнёўка, ‑і, ДМ ‑нёўцы; Р мн. ‑нёвак; ж.

Невялікі матыль — шкоднік раслін. З доследаў Краснаярскага інстытута лесу і драўніны.. было вядома, што ў Сібіры такія прышчэпы псуе шышкавая агнёўка, ад якой там ратуюцца або пастаю ДДТ, або апырскваннем. Дубоўка.