Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аго́нь, агню, м.

1. Распаленыя газы, якія вылучаюцца пры гарэнні і ярка свецяцца; полымя. Уся станцыя гарэла, і дождж, хоць і быў моцны, аднак не меў сілы заліць гэтае мора агню. Шамякін. Агонь весела пабег ад снапа да снапа, салома затрашчала. Якімовіч.

2. Падпаленая куча дроў, галля, ламачча і пад.; вогнішча. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў.

3. Святло ад асвятляльных прыстасаванняў; светлавая кропка. У куткавым пакоі ў Няслаўскіх гарэў агонь, хоць на вуліцы яшчэ добра відно было. Мурашка. У хаце гарбатага краўца Лапінкі снедалі пры агні. Брыль. // перан. Бляск у вачах ад узбуджэння, страсці. Цёмныя вочы Дакутовіча свяціліся такім агнём, што Жэня зразумеў: яго сябра ведае нейкую надзвычайную таямніцу. Шчарбатаў.

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым. Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная ўпартасць. Хведаровіч. Твар.. [Себастыяна] быў халодны. Цеплыня і агонь гарэлі ў ім у глыбіні. Чорны. Навошта кветкі? У сэрцы Без іх агню хапае. Калачынскі. // Пра быстрага і бойкага чалавека. — Слаўная ў Булыгі наймічка, да чаго ж спрытная і ваяўнічая! Агонь! Такой, браце, пальца ў рот не кладзі... — скашу адзін з парабкаў. Бажко. Сумеўся Богут з неспадзевы, Пагладзіў вус, пачухаў скронь — Ого, якія яе [Марыны] спевы! Ох, не кабеціна — агонь! Колас. Як што робіць — агонь, а як што зробіць — у агонь. Прымаўка.

5. Ружэйная, артылерыйская стрэльба. Адкрыць агонь. Весці агонь. Прыцэльны, беспрыцэльны агонь. □ Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці.. наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць па штурм. Карпюк. // Ваенная каманда. — Агонь па ворагу! — камандую я, яшчэ зусім не ведаючы, якое выбраць рашэнне. Якімовіч.

•••

Адамаў агонь — павышэнне тэмпературы ў час хваробы.

Антонаў агонь — заражэнне крыві, гангрэна.

Беглы агонь — часты артылерыйскі агонь, які вядзецца самастойна кожнай гарматай.

Бенгальскі агонь — яркае белае ці каляровае полымя, якое ўтвараецца пры гарэнні спецыяльнага саставу (з берталетавай солі, серы і інш.), а таксама сам феерверачны агонь.

Блукаючыя агні — блакітныя языкі полымя, што паяўляюцца ноччу на балоце ў выніку згарання газу метану, які вылучаецца пры гніенні.

Вечны агонь — агонь, які пастаянна гарыць каля помнікаў, магіл загінуўшых герояў як сімвал бяссмерця іх славы.

Кінжальны агонь — агонь гармат, кулямётаў, які адкрываецца раптоўна на блізкай адлегласці.

Лінія агню — рубеж на пярэднім краі, з якога вядзецца стральба па праціўніку.

Праметэеў агонь — нязгаснае ўнутранае імкненне да дасягнення высокіх мэт, да шчасця ўсіх людзей.

Сустрэчны агонь — агонь, які вядзецца ў адказ на агонь праціўніка.

Шквальны агонь — інтэнсіўны, масіраваны агонь.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Агонь яго ведае — невядома.

Баяцца як агню гл. баяцца.

Гарэць (сінім) агнём гл. гарэць.

(Днём) з агнём не знойдзеш гл. знайсці.

Жартаваць (гуляць) з агнём гл. жартаваць.

Жыць як агонь з вадою гл. жыць.

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнасці ў другую, яшчэ большую.

(Круціцца) як скурат на агні гл. скурат.

Падліць масла ў агонь гл. падліць.

Пайсці агнём гл. пайсці.

Паміж двух агнёў — пра становішча, калі небяспека пагражае з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

Пусціць з агнём гл. пусціць.

У агонь і ваду (кінуцца, пайсці) — пра гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля каго‑, чаго‑н.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

аго́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад агораць.

аго́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Набыць што‑н. з вялікімі цяжкасцямі. [Гушка] адчуў, як радасная надзея яго ўсяго ўскалыхнула: сярод добрых людзей, разам з імі, ён як-небудзь агорае сабе зямлі крыху і пачне жыць па-чалавечы. Чорны. // Справіцца з чым‑н.; здолець зрабіць што‑н. Агораць хату.

аго́рклы, ‑ая, ‑ае.

1. Пра тое, што набыло горкі смак. Не спазнаўшы месяца мядовага, Яблынькі прачнуліся удовымі, Доляй падзяліліся з рабінамі — Дзічкамі агорклымі зрабіліся. Барадулін.

2. перан. Пра тое, што надакучыла, абрыдла. З двара пачуўся так добра знаёмы, такі ўжо агорклы голас: «Мар-ры!» Брыль. // Невыносны, цяжкі. [Язэп:] — Як там маці? [Даша:] — Нічога... І зноў настала агорклая цішыня. Асіпенка.

аго́ркнуць, ‑не; пр. агорк, ‑ла і агоркнуў, ‑нула; зак.

1. Тое, што і згоркнуць.

2. перан. Вельмі надакучыць, абрыдзець. Толькі цікуе [сталяр] спадылба, як той воўк, — сказала мама. — А робіць — ну, што мокрае гарыць. Агоркла ўжо глядзець на гэту работу... Брыль. // Стаць невыносным, цяжкім. Жыў ён [муж] бедна. Спадзяваўся Свой прыдбаць куточак, Хату вывесці, зямелькі Прыкупіць шматочак, Бо агоркнуў хлеб батрацкі. Колас.

аго́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад агарнуць.

аго́ртвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да агарнуцца.

2. Зал. да агортваць.

аго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да агарнуць.

аго́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Абл. Паступова асвоіцца, прывыкнуць. [Васіль:] — Чалавек агоўтаецца, звыкнецца, яму здаецца, гэтак яму і патрэбна... Баранавых.

агра...,

Першая частка складанаскарочаных слоў, якая адпавядае слову «агранамічны», напрыклад: агравучоба, аграгурток, аграпрыём, агралабараторыя, аграмерапрыемства, аграфізіка.

[Грэч. agrós — поле.]