Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цеплапраду́кцыя, ‑і, ж.

Спец. Утварэнне цяпла ў працэсе жыццядзейнасці арганізма.

цеплапразры́стасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць цела прапускаць без паглынання цеплавыя інфрачырвоныя прамяні.

цепларэгуля́цыя, ‑і, ж.

Тое, што і тэрмарэгуляцыя.

цепласе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Сістэма цеплаправодаў, па якіх цеплавая энергія перадаецца спажыўцам з цеплаэлектрацэнтралей.

цепласілавы́, ‑ая, ‑ое.

Звязаны з перапрацоўкай цеплавой энергіі ў іншыя віды. Цепласілавы цэх. Цепласілавая ўстаноўка.

цеплата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. Спец. Від энергіі, што ствараецца бязладным рухам мікрачасцінак цела (малекул, атамаў і пад.) і праяўляецца ў награванні яго. Адзінка вымярэння цеплаты.

2. Тое, што і цеплыня. Востры сум.. патроху раставаў ад бадзёрых Юзікавых слоў, ад цеплаты і дужасці яго грудзей. Крапіва.

цеплатво́рнасць, ‑і, ж.

Здольнасць утвараць цяпло. // Спец. Колькасць цяпла ў калорыях, якую выдзяляе 1 кг якога‑н. рэчыва пры поўным згаранні. Цеплатвернасць паліва.

цеплатво́рны, ‑ая, ‑ае.

Здольны ўтвараць цяпло. Цеплатворны матэрыял. Цеплатворнае рэчыва.

цеплатра́са, ‑ы, ж.

Лінія, шлях цеплаправода.

цеплатэ́хнік, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне цеплатэхнікі. Інжынер-цеплатэхнік. □ [Люба:] — Буду ў вас працаваць. — У дэпо? — Ну але. Цеплатэхнікам. Васілёнак.