Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дрыгатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ўздрыгвае, дрыжыць; трапяткі. Лабановіч зірнуў у той бок, куды паказвала дрыгатлівая рука Лапаткевіча. Колас. У зыркіх успышках маланак.. выхопліваліся з цемры пахмурныя дрыгатлівыя сосны. Васілёнак. На гарызонце ўспыхвалі дрыгатлівыя зарніцы. Самуйлёнак.

дрыгаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дрыгацець.

дрыгаце́ць, ‑ціць; незак.

Разм. Дрыжаць, трэсціся, калаціцца. Глуха калацілася паветра ад стрэлаў гармат, і з ім калаціліся-дрыжалі вокны-шыбы, і хатка дрыгацела, як калыска. Нікановіч. // Мігцець, трапятаць. На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся. Колас.

дры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.

Разм. Рабіць рэзкія, адрывістыя рухі (звычайна пра часткі цела). Мокры і напалоханы воўк дрыгаў нагамі і рваўся з усіх жыл. Чорны. [Бусляняты] часта ўзмахвалі крыламі, смешна дрыгалі нагамі і трохі ўзляталі над гняздом. Даніленка. // без дап. Разм. Уздрыгваць, біцца (пра сэрца). [Халімон:] (прыкладае вуха да грудзей пані) Жывая, сэрца дрыгае. Крапіва.

дрыгва́, ‑ы, ж.

Топкае балота, багністае месца. Тут асцярожна трэба ступаць нагой: трава расце на дрыгве, якая гойдаецца пад нагамі. Чорны. Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго немагчыма і дакапацца. Мележ.

дрыгвяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Топкі, багністы. Дрыгвяністае балота. □ [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах, па лясных лагчынах. Лынькоў.

дрыгвяны́, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і дрыгвяністы. Але зноў бяда: дно было такое дрыгвяное, што ісці па ім не было ніякай магчымасці. Маўр. Адступаць можна было цяпер толькі праз гнілое, дрыгвяное балота. Мележ.

дры́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм. Рэзка, адрывіста варухнуць чым‑н. (звычайна пра часткі цела). Дрыгнуць нагой. // Здрыгануцца. Сэрца дрыгнула.

•••

І не дрыгнуў(ла) — пра імгненную смерць.

дрыго́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм.

1. Тое, што і дрыжыкі. З дрэў усё часцей і часцей кроплямі падала вада, і дрыготка ўсё больш ахапляла цела. Галавач. У самога Кірэя дрыготка б’е цела — ці то ад ранішняй свежасці, ці ад нервовай напружанасці. Дамашэвіч.

2. Перарывістасць (у голасе, гуках). Дрыготка ў голасе.

дрыго́ткі, ‑ая, ‑ае.

Які ўздрыгвае, дрыжыць; мігатлівы, трапяткі. Дрыготкія пальцы. Дрыготкі голас. Дрыготкае святло. □ Яны стаялі ў дрыготкім кузаве, успёршыся на шэры брызент кабіны. Брыль.