Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзіця́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць, паводзіны, учынкі, характэрныя дзецям. Маці — у просценькай сукенцы, бландзінка з далікатнымі рысамі твару і слядамі дзіцячасці ў гэтых рысах. Брыль. У вачах у.. [Евы] ужо не было і следу нядаўняе дзіцячасці — гэта быў позірк сталага чалавека. Палтаран.

дзіця́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дзіцяці (у 1 знач.). Дзіцячы ўзрост. Дзіцячыя хваробы. □ [Лабановіч] устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Колас. [Наста] пазнала ў цемры — гэта ён, Андрэй Саковіч — друг дзіцячых дзён. З. Астапенка. // Які належыць дзіцяці. [Люда] на хаду, не гледзячы, падала .. [Юрку] руку і з нейкай асаблівай, небывалай цеплынёй адчула ў сваёй руцэ дзіцячыя пальчыкі. Брыль.

2. Уласцівы дзіцяці, дзецям. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. Салодкі сон дзіцячы пасля пылу, духмень. Лынькоў. // перан. Неўласцівы даросламу, не сталы. Дзіцячыя разважанні. Дзіцячы розум. □ — Дараваць сабе не магу, нашто я тады чытала табе свой верш. Ну, але ты глядзі на гэта, як на дзіцячую забаўку. Колас.

3. Прызначаны для дзяцей. Дзіцячая літаратура. Дзіцячая каляска. □ «Даведаюся, ці ёсць у дзіцячым вагоне месцы», — рашыла Таня. Даніленка.

•••

Дзіцячая пляцоўка гл. пляцоўка.

Дзіцячы дом гл. дом.

Дзіцячыя яслі гл. яслі.

Дзіцячы лепет гл. лепет.

дзіч, ‑ы, ж.

1. Тое, што і дзічына (у 1 знач.). Хоць дзядзька наш не паляўнічы, Ды меў ахвоту і да дзічы. Колас.

2. Разм. Глухое месца, глуш. У другое месца перабраўся — Яму уважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы, Дзе лес адзін, хмызняк ды поле Ды ветру посвісты па волі. Колас. Я і сягоння адшукаць бы мог Сцяжынкі тыя ў дзічы дрыгвістай. Гілевіч.

дзі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Дзікая, не прышчэпленая груша або яблыня. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастухамі, Якая горкія ападкі На дол раняе заінелы. Лойка.

2. Плод дзікай ігрушы або яблыні. Маці восенню рассцілае салому і ссыпае грушы-дзічкі, каб улежваліся. Кандрусевіч.

дзічы́на, ‑ы, ж., зб.

Дзікія звяры і птушкі, мяса якіх ідзе ў ежу. На балотах, на рэках, у лясах найбагацейшыя віды птушак і дзічыны. Чорны. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. // Мяса гэтых звяроў і птушак. Насмажыць дзічыны.

дзічы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзіка. Каля самай дзічынай сцежкі — яловы выварат. Брыль.

дзічы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Самка дзіка.

дзічы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., каго-чаго і без дап.

Пазбягаць, унікаць каго‑н.; быць дзікім. Яму [малому] ісці ў навуку час, А ён людзей яшчэ дзічыцца. Арочка.

дзічэ́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Пераходзіць у дзікі стан, рабіцца дзікім (у 1 знач.). [Бык] стаяў адзін у пустой аборы і дзічэў. Паўлаў.

2. Станавіцца нелюдзімым, дзіклівым. — Не будзе гэтага, мы не хочам дзічэць у хутарской адзіноце. Сабаленка.

дзот, ‑а, М дзоце, м.

Земляное ўмацаванне, прызначанае для вядзення кулямётнага і артылерыйскага агню і для абароны ад куль, снарадаў, мін, авіябомб. На тым баку, каля Навасёлак, былі пабудаваны дзоты, дзе сядзелі кулямётчыкі, тут жа, проста на дарозе, ствалом у лес стаяла гармата. Шчарбатаў. Дзень і ноч білі цяжкія гарматы па дзотах і бетаніраваных умацаваннях, трушчачы бетон і камень. Дудо.