Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяро́ставы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з бяросты. Напіўся [стары] з бяроставай конаўкі, што ляжала схаванай у алешнікавым кусце. Лынькоў.

бярэ́зіна, ‑ы, ж.

Тое, што і бяроза.

бярэ́зінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ласк. да бярэзіна; невялікая бярэзіна.

бярэ́знік, ‑у, м., зб.

1. Бярозавы лес, хмызняк. На тым баку [рэчкі] бялеў малады бярэзнік, напалову затоплены веснавой паводкаю. Грахоўскі. Ходзіць ён [казёл] па ельніку, Бродзіць па бярэзніку, — Ні капусты, ні салаты Не знаходзіць барадаты. Якімовіч.

2. толькі адз. Бярозавыя дровы, будаўнічы матэрыял з бярозы. Навазіць бярэзніку.

бярэ́ма, ‑а, і бярэ́мя, ‑я, н.

Такая колькасць чаго‑н. (дроў, саломы, бульбоўніку і інш.), што можна абхапіць абедзвюма рукамі і панесці; ахапак. У хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. Забразгала клямка ў сенцах, і цётка ўвайшла ў хату, несучы перад сабою бярэмя дроў. Арабей.

бяс..., прыстаўка (гл. бес...).

Ужываецца замест «бес...» у першым складзе перад націскам, напрыклад: бяссонніца, бясхмар’е.

бясе́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Збор гасцей з пачастункам. Ды краска бяседа не ўзорамі, А ласкавымі прыгаворамі; Не ядвабнымі абрусамі, А ласкавымі прымусамі. Багдановіч. Сталы на бяседы ў Сцешыцах людзі заўсёды пазычалі адзін у аднаго. Пташнікаў. // зб. Удзельнікі пачастунку. Спявала ўжо ўся бяседа. Нават я, хоць мне, як той казаў, яшчэ ў дзяцінстве вол наступіў на вуха, і я быў глухі да мелодый. Сабаленка.

бясе́днік, ‑а, м.

Разм. Удзельнік бяседы. Бяседнікі ядуць і стравы хваляць. Якімовіч.

бясе́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да бяседы. Бяседны стол. Бяседны шум.

бяска́рнасць, ‑і, ж.

Стан бяскарнага.