дру́за, ‑ы, ж.
Група крышталяў, якія зрасліся ў аснове.
[Ням. Druse — шчотка.]
друза́, ‑ы, ж.
Абл. Друз. Цагляная друза засталася пасля разбураных сцен. «Беларусь».
дру́зачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Дробны кусочак чаго‑н. Шкло пабілася на друзачкі. Колас. Велізарныя крыгі лёду напаўзалі адна на адну і са страшэнным гулам крышыліся на меншыя, разбіваліся на друзачкі. Пальчэўскі.
дру́злы, ‑ая, ‑ае.
1. Гнілы, трухлявы, рассыпчаты. Друзлы грыб. □ Ступіўшы на прагаліну,.. дзе друзлы камень асыпаецца крохкай жарствой, [мядзведзь] спыняе крок. Лынькоў. І крыгі яшчэ ішлі. Ужо апошнія — друзлыя, іржавыя. Ракітны.
2. Вялы, рыхлы, азызлы. Друзлае цела. // З рыхлым, азызлым целам. Ураднік — друзлы, з абвіслымі шчокамі, з слязлівымі вачамі ды з нейкай павольнасцю ў руках. Каваль.
дру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Разм. Рабіцца друзлым (у 2 знач.).
друі́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Жрэц у старажытных кельтаў.
[Фр. druide.]
друіды́зм, ‑у, м.
Рэлігія старажытных кельтаў.
друк 1, ‑у, м.
1. Працэс вырабу друкаванай прадукцыі; друкаванне. Падрыхтаваць да друку рукапіс. Цэх каляровага друку. Кніга выйшла з друку. □ Міхась лічыцца сёння, на трэцяй змене, адказным за якасць друку. Брыль.
2. Друкаваныя літары, друкаваны тэкст; знешні выгляд, памер друкаванага тэксту. Уборысты друк. □ Адразу кідаецца ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.
3. Галіна вытворчасці, якая вырабляе друкаваную прадукцыю; выдавецкая і друкарская справа. Работнікі друку. Органы друку.
4. Тое, што надрукавана, сукупнасць надрукаваных твораў. Перыядычны друк. Насценны друк. □ Пра Анатоля Аніхімоўскага яшчэ ніхто не пісаў, яго партрэта ніколі не было ў друку. Асіпенка. «А дні ідуць» — кніга, высока ацэненая друкам і па заслугах прынятая чытачом. Лужанін.
•••
Памылка друку гл. памылка.
[Ням. Druck.]
друк 2, ‑а, м.
Разм. Сукаватая палка; тоўсты кій. Агародамі, нацянькі, беглі да нас, на расцяробы, мужчыны з друкамі. Сіняўскі.
друкава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. друкаваць.
друкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад друкаваць.
2. у знач. прым. Зроблены друкаваным спосабам; нерукапісны. Друкаваная кніга. // у знач. наз. друкава́нае, ‑ага, н. Тое, што надрукавана. Чытае [Аксён Каль] з друкаванага слаба, а з рукапіснага яшчэ горш. Колас.
3. у знач. прым. Які мае форму надрукаванага. Друкаваныя літары.
4. у знач. прым. Змешчаны ў друку. Друкаваныя варыянты верша.
•••
Друкаванае слова гл. слова.
Друкаваны аркуш гл. аркуш.