Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; пр. падзёр, ‑дзерла; зак., што.

Тое, што і падраць.

падзе́рціся, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; ‑дзяромся, ‑дзерацеся; пр. падзёрся, ‑дзерлася; зак.

Тое, што і падрацца.

падзесяці́нны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які вылічаецца, налічаецца за кожную дзесяціну. Падзесяцінны збор.

падзе́цца, ‑дзенуся, ‑дзенешся, ‑дзенецца; заг. падзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды», а таксама з прысл. «нідзе», «нікуды» і адмоўем).

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знікнуць, прапасці. Куды падзеліся дзеці? □ — А Лысухі ўсё яшчэ няма, — загаварыў нарэшце дзядзька Ігналь. — І дзе яна магла падзецца — проста дзіва. Сіняўскі. І куды падзелася .. [Адамава] шчырасць! Дамашэвіч.

2. (звычайна з адмоўем). Знайсці для сябе месца, прытулак. Насоўвалася ноч, а Базыль з Марусяй усё стаялі і стаялі на вуліцы, не ведаючы, дзе ім падзецца. Сачанка. Нахваліцца не мог Сцёпка гэтым домам, бо дзе ж бы ён падзеўся ў незнаёмым горадзе? Колас. // Схавацца, уцячы. Куды ж, куды падзецца Ад чорнае бяды? Панчанка. Думкі... Куды ад іх падзецца, калі яны не даюць спакою ні днём, ні ўначы. «Звязда».

•••

Куды (дзе) падзенешся — аб немагчымасці зрабіць што‑н. інакш.

Не ведаць, куды (дзе) падзецца — тое, што і не ведаць, куды (дзе) дзецца (гл. ведаць).

падзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; заг. падзень; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).

Разм.

1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. [Тамаш:] — Дзе ж ты, сынку, запалкі падзеў? Чорны. // Схаваць, некуды звесці. [Дзеці:] — Куды нашых настаўнікаў падзелі? Сабаленка.

2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца сховішча, прытулак і пад. Юзя не ведала, дзе падзець драбавік. Бажко. — Вось забралі цябе ў палон, душылі голадам — і маўчаў. Уцёк і ўсё тваё ўцякло з табой. А я куды ўцяку? Дзе іх падзену? — бацька паказаў на прыціхлых дзяцей, якія ўважліва слухалі гаворку дарослых. Навуменка. // Зрасходаваць, патраціць; выкарыстаць. [Чарняхоўскі] не ведаў, куды падзець энергію, якая бурліла ў ім. Мележ. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Колас.

•••

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы падзець гл. ведаць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі падзець гл. ведаць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе падзець гл. ведаць.

падзешаве́ць, ‑ее; зак.

Разм. Панізіцца ў цане, стаць дзешавейшым, больш танным. Прадукты падзешавелі. □ [Вера:] — Я жанчына, і мяне больш цікавіць тое, ці падзешавела малако. Мікуліч.

падзешаві́ць, ‑шаўлю, ‑шавіш, ‑шавіць; зак., што.

Разм. Зрабіць дзешавейшым, больш танным. Падзешавіць кошт прадукцыі.

падзешаўле́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падзешавіць і стан паводле знач. дзеясл. падзешавець.

падзешаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да падзешаўляць.

падзешаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падзешавіць.