Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паджа́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Рыжа-буры або бура-чорны (пра масць жывёл). З хвіліны на хвіліну чакаю, што вось-вось пакажацца чорная ці паджарая шапка [грыба]. Сачанка.

2. Разм. Сухарлявы, тонкі. Паджары лось. □ Праз акно [барон] убачыў паджарага нямецкага афіцэра. Грахоўскі.

паджа́рына, ‑ы, ж.

Тое, што і падпаліна (у 2 знач.). Пад крылом самалёта — смуглявая Таўрыя, Як рассцелены дбайна армяк чумака, Нават бачны на крыссі рудыя паджарыны І на локці палаплены правы рукаў. Жычка.

паджа́рысты, ‑ая, ‑ае.

Добра падпечаны, з румянай скарынкай. Гэта быў ладны жытнёвы акраец, з паджарыстай хрумсткай скарынкай. Быкаў. // перан. Цёмна-жоўтага, залацістага колеру. Паджарыстая шкарлупка на .. [жалудах] аж блішчала. Якімовіч.

паджа́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паджаць.

паджа́цца, падажнуся, падажнешся, падажнецца; падажнёмся, падажняцеся; зак.

Разм. Зжаць, дажаць да якога‑н. месца, якой‑н. мяжы. Паджацца да лесу. □ [Мысліцкі] аглядае жытні палетак — жыта зусім спелае на ўзгорках. Пакуль падажнуцца, дык паспее і на лагчыне. Мурашка.

паджа́ць, падажну, падажнеш, падажне; падажнём, падажняце; зак., што.

Разм. Зжаць тое, што засталося, зжаць дадаткова. Паджаць загон.

паджга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго-што. Пакусаць, параніць джалам, хабатком усіх, многіх. Авадні паджгалі коней.

2. Хутка пайсці, пабегчы; паімчацца. Паджгаць у лес. □ Пасля Бяларуч Янка выйшаў на стары гасцінец і паджгаў далей. С. Александровіч.

паджыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да паджыцца.

паджыва́ць, ‑ае.

Незак. да паджыць.

паджыга́нец, ‑нца, м.

Абл. Падшыванец. Дзяцей была поўная хата, ад паджыганцаў да паўзуноў. Лобан.