Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

іскраўло́ўнік, ‑а, м.

Тое, што і іскрагасільнік.

і́скраўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзейнасці бальшавіцкай газеты «Іскра». Іскраўскі напрамак. Іскраўскія групы.

і́скрачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да іскра. Настаўніца яшчэ больш ажыўляецца, і ў вачах яе іскрачкі пабліскваюць. Колас.

іскры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да іскра.

іскры́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць іскрыстага. Зорная іскрыстасць. Іскрыстасць віна.

іскры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучае, мае ў сабе многа іскраў. Васіліна тым часам падкідала сушняк у маленькую печ, і чырвонае іскрыстае полымя вырывалася з чалеснікаў, нібы яму там цесна было. Сабаленка. Палае Агонь іскрысты ля карча. Ляпёшкін.

2. Які ззяе, зіхаціць іскрамі; бліскучы. Іскрысты снег. □ У вёсцы, дзе побач барок, Прабіўся, усплыў ручаёк, Празрысты, іскрысты і свежы. Бялевіч. // Пеністы, шыпучы. Іскрыстае віно. □ — Бач бо ты якое, аж свеціцца, — здзіўляліся госці, кожны падстаўляючы свой кубак, каб хоць трошкі і яму перапала гэтага іскрыстага пітва. Сабаленка. // перан. Яркі, выразны; агністы. Іскрысты смех. Іскрыстая радасць. □ І словы, што .. [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.

іскры́цца, іскрыцца; незак.

Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.

іскры́ць, ‑рыць; незак.

1. Выпускаць, даваць іскры. Жалеза іскрыць пад наждаком. // Даваць іскры пры недастаткова поўным кантакце ў электраправодцы. Рубільнік іскрыць. Кантакты іскраць. □ — Сыплюцца іскры каторы дзень, і не бачаць. — Гм, хай іскрыць, — адмахваецца рукою тата. — Перагарыць, дык паладзяць. Мыслівец.

2. Тое, што і іскрыцца. На выкаўзаным снезе так іскрыла сонца, што аж рэзала ў вачах. Карпюк.

іскрэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. іскрыць, іскрыцца.

ісла́м, ‑у, м.

Магаметанская рэлігія; мусульманства.

[Ад араб. islām — адданне сябе волі алаха.]