янта́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да янтару; зроблены з янтару. Янтарныя пацеркі.
2. перан. Які па колеру нагадвае янтар; залаціста-жоўты. Цікава глядзець, як цячэ з янтарных сотаў у вялізную бочку мёд. Ваданосаў. А колас які! Ён наліваецца буйным янтарным зернем. Гроднеў.
•••
Янтарная кіслата — арганічнае злучэнне, якое змяшчаецца ў янтары і іншых смолах, а таксама ў бурым вугалі і ў некаторых раслінах (выкарыстоўваецца ў фатаграфіі і медыцыне).
яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.
2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.
3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.
яныча́р, ‑а, м.
Гіст. Воін прывілеяванай рэгулярнай пяхоты ў султанскай Турцыі. // перан. Пра чалавека, які праяўляе залішнюю жорсткасць пры абароне інтарэсаў прывілеяваных колаў якога‑н. класа, якой‑н. касты і пад.
[Ад тур. yeniceri — новае войска.]
яныча́рскі, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да янычара, належыць яму. Янычарская шабля.