шчака́, ‑і, ДМ шчацэ; мн. шчокі, шчок; ж.
1. Частка твару ад скулы да ніжняй сківіцы.
2. Спец. Бакавая плоская частка паверхні чаго‑н. (апарата, механізма, прадмета і пад.). Шчака сякеры. □ У печы, збоку за шчакой, стаяў маленькі гаршчэчак. Пташнікаў.
3. звычайна мн. (шчо́кі, шчок). Высокія крутыя скалістыя берагі ракі; высокія схілы цясніны. Рака тут заціснута ў абрывістых берагах-«шчоках». Гавеман.
•••
Уплятаць за абедзве шчакі гл. уплятаць.
шчака́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае тоўстыя, пульхныя шчокі (у 1 знач.). Разам са мною лячыўся ў .. шпіталі высокі шчакасты хлопец. Лупсякоў.
шчалачы́цца, ‑чыцца; незак.
Зал. да шчалачыць.
шчалачы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.
Спец. Дабаўляць у што‑н. шчолак ці шчолач. Шчалачыць ваду.
шчалачэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчалачыць.
шчамі́цца, шчамлюся, шчэмішся, шчэміцца; незак.
Разм. Лезці, пралазіць і пад. з вялікімі намаганнямі куды‑н. праз што‑н. вузкае. Праз дзірку ў плоце натужліва шчэміцца ў двор чыёсьці рудое свінчо. Хадановіч. // перан. Лезці, настойліва напамінаць пра сябе (пра думкі). [Макарка:] — Думкі ўсялякія шчэмяцца ў галаву. Сабаленка. // перан. Умешвацца ў што‑н. [Стафан:] — Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. Караткевіч.
шчамі́ць, шчэміць; незак., што.
1. Раздражняць (скуру і пад.). Перав[я]сла рукі шчэміць, Сноп ісці скакаць гатоў. Цётка.
2. Выклікаць адчуванне тупога болю. Туга шчаміла сэрца.
3. Выклікаць сум, тугу, адчуванне прыгнечанасці і пад. Шмат зазнаў я горычы з нудою, Што шчаміла, мучыла, пякла... Багдановіч. Смутак жа па .. [сябрах] яшчэ такі свежы ў сэрцы Максіма, яшчэ такім пякучым болем шчэміць душу, што нібы гэта здарылася ўчора. Машара.
шчамлёткі, ‑аў; адз. няма.
1. Прыстасаванне для заціскання чаго‑н.
2. перан. Тое, што перашкаджае, скоўвае, пазбаўляе свабоды. // Бяда, нястача, цяжкае бядотнае становішча.
шчамялі́ца, ‑ы, ж.
Травяністая расліна сямейства бурачнікавых з дробнымі духмянымі кветкамі; медуніца. Трашчыць калода — сорак Там блузак і спадніц. Але на кожнай — зоры Ці кветкі шчамяліц. Калачынскі.
шчане́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчаніцца.