Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штодзённасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць штодзённага. Прастата і штодзённасць спраў падпольшчыкаў падаюцца ў рамане [«Вайна пад стрэхамі» А. Адамовіча] праз светлае і адначасова некалькі наіўнае ўспрыманне юнага героя Толіка. Дзюбайла.

2. Штодзённае жыццё, праца і пад.; звычайная, штодзённая з’ява, рэч. Вестка [аб забойстве Юркевіча] выбіла .. [Любу] з нармальнай каляіны штодзённасці. Мурашка. [Дзед] гаварыў занадта нейк проста пра самыя таемныя рэчы і гаварыў так, як быццам бы гэта была нецікавая штодзённасць. Чорны.

штодзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які бывае, адбываецца кожны дзень. Штодзённая гімнастыка. □ Паляванне дало добры адпачынак Міколу ад штодзённага клопату. Краўчанка. Музыка, песні чутны з палаца .. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.

2. Звычайны, будзённы. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку. Колас.

штодзёншчына, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і штодзённасць (у 2 знач.). Саламон пачаў адчуваць, што адукацыя вельмі патрэбны інструмент для яго новай працы. Усё звязвалася з непасрэднай практыкай штодзёншчыны. Бядуля.

штоднёвы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і штодзённы (у 1 знач.). І ў пасцелі ляжаць ёй [маці] не вельмі каб выпадала. Штоднёвыя клопаты, як нуда, мучылі, падымалі хворую на ногі. Вышынскі.

штодня́, прысл.

1. Тое, што і штодзень. Вусы і бараду Герасім штодня абстрыгаў нажніцамі, сеўшы пры люстэрку. Чарнышэвіч. Якое гэта шчасце штодня, штохвіліны глядзець у любімыя вочы! Навуменка.

2. З кожным днём, з дня на дзень. Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў.

шток, ‑а і ‑у, м.

Спец.

1. ‑у. У геалогіі — адна з форм залягання горных парод, часцей масіўна-крышталічных парод, гіпсу, каменнай солі, радзей — рудных выкапняў.

2. ‑а. У тэхніцы — металічны цыліндрычны стрыжань, які злучае поршань рухавіка з паўзуном. Кулямёт быў разбіты ўшчэнт, ссечан кожух, нібы агнём перарэзаны шток. Федасеенка.

[Ням. Stock.]

што́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Часта паўтараць слова «што», перапытваць. — Ты, Віцька, не штокай, а прасі прабачэння, — сказаў Янка. П. Ткачоў.

штокру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства мальвавых з вялікімі пышнымі кветкамі на высокім сцябле; садовая мальва.

[Ням. Stokrose.]

штоле́та, прысл.

Кожнае лета, кожным летам. Наташа вучылася ў Мінску, але Штолета гасціла У маці ў сяле. Гілевіч. Чэсік бярэ торбу з ядой, бярэ пугу і, як штодня, як і штолета, ідзе займаць калгасныя каровы. Васілевіч.

што́льня, ‑і; Р мн. ‑лень; ж.

Спец. Гарызантальная або нахіленая падземная горная выпрацоўка, якая мае непасрэдны выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ. Вентыляцыйная штольня. □ І скарб свой са штолень глыбокіх падаў Салігорск на-гара. Машара. // Падземнае збудаванне спецыяльнага прызначэння. Штольні для метро.

[Ад ням. Stollen.]