Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шлюп, ‑а, м.

1. Трохмачтавы карабель у парусным флоце 18–19 стст., аснашчаны прамымі парусамі. На двух шлюпах «Усход» і «Мірны» Ф. Ф. Белінсгаузен і М. П. Лазараў накіраваліся на поўдзень. «Беларусь».

2. Марское аднамачтавае судна з двума парусамі (галоўным чынам спартыўнае).

3. Ціхаходны вартавы карабель для аховы транспартных караванаў у некаторых сучасных замежных флотах.

[Гал. sloep.]

шлю́пачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шлюпкі, прызначаны для яе. Шлюпачны компас. Шлюпачны кіль. // Прызначаны для вырабу, рамонту ці захоўвання шлюпак. Шлюпачныя майстэрні. // Які праводзіцца, здзяйсняецца пры дапамозе шлюпкі, шлюпак. Шлюпачныя спаборніцтвы. Шлюпачнае плаванне. Шлюпачны пераход.

2. Звязаны з плаваннем на шлюпках, з іх абслугоўваннем. Шлюпачная каманда.

шлюпбэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.

Металічная бэлька, прызначаная для спуску шлюпак на ваду і падымання іх на борт.

[Гал. sloepbalk.]

шлю́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікае бяспалубнае судна з моцным корпусам. Шлюпка ішла лёгка, мора было ціхае. Хомчанка.

[Ад гал. sloiep.]

шлю́пкавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шлюпачны.

шлюс, ‑у, м.

Спец. У кавалерыстаў — сцісканне сядла каленямі як умова моцнай пасадкі.

[Ням. Schluß.]

шлю́ха, ‑і, ДМ шлюсе, ж.

Разм. зневаж. Жанчына, якая вядзе амаральнае, распуснае жыццё; распусніца. Тады з кута па сходзе хлестанулі брудныя і брыдкія словы ў бок да Галіны. — Шлюха ты! Галавач.