Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чужаўла́ддзе, ‑я, н.

Уст. Улада, засілле іншаземнага, чужога.

чужа́цкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чужацкага. Васіль адолеў сябе, сваю чужацкасць, кінуў спадылба раўнівы позірк: — А ты як? Мележ.

чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.

2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.

3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.

4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.

чужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Пазбягаць, цурацца каго‑н. Нейкі час .. [муж і жонка Раманюкі] жылі, як два чужыя чалавекі, выпадкова з’яднаныя гешэфтам: называлі адзін аднаго на «вы», чужаліся. Карпюк. Да .. [Пшанічнага] раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца. Быкаў. // Адмаўляцца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. (якіх‑н. дзеянняў, спраў, сфер жыцця і пад.). Крытык не чужаецца гісторыі, але кожны раз, калі звяртаецца да яе, спрабуе асвятляць з пазіцый сённяшняга дня. Юрэвіч.

чужы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які належыць каму‑н. іншаму (іншым), з’яўляецца ўласнасцю другога (другіх). Адам Блецька мог ні тое, што чужое пісьмо прачытаць, а нават і чужых пару коней з чужога хлява вывесці. Чорны. Лягчэй дастаць птушынае малако, як гараж пабудаваць.. На сваім двары месца няма, а на чужы хто цябе пусціць? Корбан. // Утвораны, зроблены, перажыты кім‑н. іншым. Выправіць чужыя памылкі. Чужое гора. □ [Тапурыя] выпісалі са шпіталя ў той жа дзень, як толькі ён здолеў хадзіць без чужой дапамогі. Самуйлёнак. // Непрывычны, незнаёмы каму‑н. іншаму; нязвыклы. — Маму забілі, — ціха сказала .. [Люба] нейкім чужым ахрыплым голасам. Шамякін. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія. Шыцік. Вагранка, ля якой завіхаліся мантажнікі, стаяла халодная, чужая. Карпаў.

2. у знач. наз. чужо́е, ‑ога, н. Тое, што належыць каму‑н. іншаму (іншым), уласціва другому (другім). Выдаваць чужое за сваё. □ Даніла нагнуўся над пратокаю, працягнуў да каша рукі і не асмельваўся ўзяцца за яго — бы браў чужое. Капыловіч.

3. Не звязаны сваяцкімі ці блізкімі адносінамі, агульнай працай і пад. Асташонак ведае гэты асабняк даўно, быў тут сваім чалавекам, але толькі цяпер чамусьці адчуў сябе чужым. Ваданосаў. // Незнаёмы, нетутэйшы. [Хадорка:] — Макарка-ляснік натрапіў, адубелага ў сяло прынёс. Чужы нейкі, не крышыцкі... Кандрусевіч. / у знач. наз. чужы́, ‑ога, м.; чужа́я, ‑ой, ж. Пападала .. [Цімошку] ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.

4. Які не з’яўляецца месцам пастаяннага жыхарства, радзімай для каго‑н. На чужой зямлі.. [вораг] трывожыцца, азіраецца, усяго баіцца. Пальчэўскі. Хата чужая — як свякруха ліхая. Прыказка. // Які мае адносіны да іншай дзяржавы, краіны; замежны. Не раз па мне [дарозе] зямель чужых сыны Цягнулі волакам купецкія чаўны: З Дзвіны ў Дняпро тут шлях стары ляжаў. Зуёнак.

5. Далёкі па сваіх поглядах, інтарэсах ад чаго‑н. [Жанчына] не магла дараваць сабе памылкі, што звязала свой лёс з другім, чужым ёй па душы. Скрыган. // Не ўласцівы, не характэрны каму‑, чаму‑н. Як фальш, як эмацыянальнае ўбоства — чужыя паэзіі Таўлая рыторыка, аптымізм раўнадушнасці. «Полымя».

•••

Без чужой ласкі гл. ласка.

Выехаць на чужой шыі (спіне) гл. выехаць.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

З чужых плячэй гл. плячо.

З чужых слоў гл. слова.

Лазіць па чужых кішэнях гл. лазіць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чужымі рукамі гл. рука.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

чужы́на, ‑ы, ж.

Няродная, чужая зямля, краіна. На чужыне далёкай Неба выслана дымам. Пасадзілі дзяўчыну За драты Асвянціма. Броўка. Птушкам, як і людзям, цяжка жыць на чужыне. Гроднеў.

чужы́нец, ‑нца, м.

Чужы, нетутэйшы чалавек. І я, твой родны сын, Чужынцам у табе сябе ўжо адчуваю. Колас. // Іншаземны вораг, захопнік. У наш светлы новы дом уварваўся чужынец, .. які жыве .. звярынай прагнасцю таптаць сабе пад ногі ўсё, што створана ў людзях. Купала. Даўно разбіты вораг. Нават каскі Чужынцаў Засмактаў дняпроўскі іл... Панчанка. Усе тут партызанамі былі, Не шкадавалі ворагу «гасцінца», На нашай роднай, вогненнай зямлі Страляў тут кожны кусцік у чужынца. Русак.

чужы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. Тое, што і чужы (у 1 знач.). Парабчанка Кацярына Жне чужынскае дабро. Броўка.

2. Які мае адносіны да чужынца, належыць яму. Над Паставамі хмарай качаецца дым, ад матораў чужынскіх аж стогне абшар. Дубоўка. Толькі той у баях пераможа, Зломіць люты чужынскі рух, Хто пад націскам зграі варожай Захавае свой цвёрды дух. Глебка. // Такі, як у чужынца; халодны, суровы. — А дзе мая шапка? — спытаў [Панця] сурова і ўстрывожана. — Га? — І апёк бацьку бязлітасным, чужынскім позіркам. Кулакоўскі.