чужы, ‑ая, ‑ое.

1. Які належыць каму‑н. іншаму (іншым), з’яўляецца ўласнасцю другога (другіх). Адам Блецька мог ні тое, што чужое пісьмо прачытаць, а нават і чужых пару коней з чужога хлява вывесці. Чорны. Лягчэй дастаць птушынае малако, як гараж пабудаваць.. На сваім двары месца няма, а на чужы хто цябе пусціць? Корбан. // Утвораны, зроблены, перажыты кім‑н. іншым. Выправіць чужыя памылкі. Чужое гора. ▪ [Тапурыя] выпісалі са шпіталя ў той жа дзень, як толькі ён здолеў хадзіць без чужой дапамогі. Самуйлёнак. // Непрывычны, незнаёмы каму‑н. іншаму; нязвыклы. — Маму забілі, — ціха сказала .. [Люба] нейкім чужым ахрыплым голасам. Шамякін. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія. Шыцік. Вагранка, ля якой завіхаліся мантажнікі, стаяла халодная, чужая. Карпаў.

2. у знач. наз. чужое, ‑ога, н. Тое, што належыць каму‑н. іншаму (іншым), уласціва другому (другім). Выдаваць чужое за сваё. ▪ Даніла нагнуўся над пратокаю, працягнуў да каша рукі і не асмельваўся ўзяцца за яго — бы браў чужое. Капыловіч.

3. Не звязаны сваяцкімі ці блізкімі адносінамі, агульнай працай і пад. Асташонак ведае гэты асабняк даўно, быў тут сваім чалавекам, але толькі цяпер чамусьці адчуў сябе чужым. Ваданосаў. // Незнаёмы, нетутэйшы. [Хадорка:] — Макарка-ляснік натрапіў, адубелага ў сяло прынёс. Чужы нейкі, не крышыцкі... Кандрусевіч. / у знач. наз. чужы, ‑ога, м.; чужая, ‑ой, ж. Пападала .. [Цімошку] ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.

4. Які не з’яўляецца месцам пастаяннага жыхарства, радзімай для каго‑н. На чужой зямлі.. [вораг] трывожыцца, азіраецца, усяго баіцца. Пальчэўскі. Хата чужая — як свякруха ліхая. Прыказка. // Які мае адносіны да іншай дзяржавы, краіны; замежны. Не раз па мне [дарозе] зямель чужых сыны Цягнулі волакам купецкія чаўны: З Дзвіны ў Дняпро тут шлях стары ляжаў. Зуёнак.

5. Далёкі па сваіх поглядах, інтарэсах ад чаго‑н. [Жанчына] не магла дараваць сабе памылкі, што звязала свой лёс з другім, чужым ёй па душы. Скрыган. // Не ўласцівы, не характэрны каму‑, чаму‑н. Як фальш, як эмацыянальнае ўбоства — чужыя паэзіі Таўлая рыторыка, аптымізм раўнадушнасці. «Полымя».

•••

Без чужой ласкі гл. ласка.

Выехаць на чужой шыі (спіне) гл. выехаць.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

З чужых плячэй гл. плячо.

З чужых слоў гл. слова.

Лазіць па чужых кішэнях гл. лазіць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чужымі рукамі гл. рука.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)