Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ушчува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Уздзейнічаць на каго‑н., дакараючы, папракаючы за што‑н. — Цётка Малання, — ушчувала Лізавета, — як вам не сорам! Мележ. Таня кінулася хлопцам насустрач. — Дзе вы бадзяліся столькі? — пачала ўшчуваць яна Міколу. Новікаў.

ушчу́нак, ‑нку, м.

1. Пакаранне, спагнанне. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку [пужкаю па пятах] не дапамог: хвароба была загпана ў сярэдзіну. Лужанін. [Маці] сказала якраз пра тое, пра што я думаў: — Які з яго настаўнік! Ён жа дзіця яшчэ. А малыя ж вунь якія гарэзы! На іх ушчунак патрэбен. Якімовіч.

2. Дакор, папрокі. [Служанка:] — Бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш. Гартны.

ушчу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.

Зак. да ушчуваць.

ушчу́ць, ушчую, ушчуеш, ушчуе.

Зак. да ушчуваць.

ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.

1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.

2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.

ушчы́льненасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан ушчыльненага. Ушчыльненасць глебы. Ушчыльненасць рабочага дня.

ушчыльне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ушчыльняць — ушчыльніць і стан паводле знач. дзеясл. ушчыльняцца — ушчыльніцца.

ушчы́льнены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ушчыльніць.

2. у знач. прым. Атрыманы ў выніку ўшчыльнення. Ушчыльнены слой пратаплазмы. Ушчыльнены графік працы.

ушчыльні́к, ‑а, м.

Тое, што і ушчыльняльнік.

ушчыльні́цца, ‑ніцца; зак.

1. Стаць больш шчыльным.

2. Пацясніўшыся, размясціцца, пасяліцца больш шчыльна. Усё зводзілася да таго, што з дня на дзень мы павінны наступаць. І вось пачалося... Нездарма ж так ушчыльніўся фронт, падвезена гэтулькі прадуктаў і боепрыпасаў... Няхай.

3. Разм. Стаць больш заселеным (пра жылую плошчу). // Пачаць жыць цясней, пасяліўшы каго‑н. да сябе.

4. Стаць цалкам запоўненым, больш інтэнсіўным (пра рабочы час, вытворчы працэс).