уціска́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уціснуцца (у 1–3 знач.).
2. Зал. да уціскаць 1.
уціска́цца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да уціскаць 2.
уціска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уціснуць.
уціска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Груба абмяжоўваць свабоду, правы каго‑н.; прыгнятаць. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Я люблю князёўну Ніну, але я не магу жыць так, як вы, і ўціскаць народ. Самуйлёнак.
уці́сквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уціснуцца (у 1–3 знач.).
2. Зал. да уціскваць.
уці́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уціснуць.
уці́снуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уціснуць.
уці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паглыбіцца, улезці ў глыб, унутр чаго‑н., куды‑н. Здавалася, што зараз на галаву ўпадзе міна. Хацелася ўціснуцца глыбей у зямлю, каб ніякі асколак не зачапіў. Мележ.
2. З цяжкасцю ўвайсці, пранікнуць у што‑н. цеснае, запоўненае; ушыцца. Нарэшце падышоў аўтобус. Ён быў перапоўнены, аднак мы ўсё ж сяк-так уціснуліся ў заднія дзверцы і пакацілі ў напрамку вакзала. Шыловіч.
3. Разм. Цесна абвязаць сябе чым‑н. Уціснуцца папружкай.
4. перан. Разм. Якім‑н. чынам уладкавацца куды‑н. Сяк-так уціснуўся ў кулінарны тэхнікум.
уці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Націскаючы з сілай, прымусіць паглыбіцца, увайсці ў глыб, унутр чаго‑н. Уціснуць корак у бутэльку. □ Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць. Мележ.
2. З намаганнем умясціць у што‑н. цеснае, запоўненае; увапхнуць. — Я, здаецца, не ў час прыйшоў, — разгублена прамовіў Лабановіч. — Нічога, нічога, — сказала жанчына.. Яна ўзяла паліто і ўціснула яго між адзежы, ужо вісеўшай на вешалцы. Колас. Людскі натоўп абхапіў мяне, узняў на прыступкі і ўціснуў у вагон. Ус. // перан. Падаць вялікі змест твора ў сціслай форме. З’яву такога парадку, як паэзія Купалы, з’яву, якая па-мастацку адлюстроўвае цэлую гістарычную эпоху ў жыцці народа, цяжка ды, бадай, і немагчыма ўціснуць у рамкі пэўнага літаратурнага стылю, скажам, рэалізму або рамантызму. Навуменка.
3. Абвязваючы што‑н., зменшыць у аб’ёме. Жніво. Смуга над плёсам. Воз снапоў Уціснуў дзед вяроўкаю тугою. Пысін.
4. Уцягнуць, увабраць унутр. Уціснуць галаву ў плечы. □ Дзяўчына скурчылася ў кутку, уціснула галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці. Маўр.
уціхамі́ранне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уціхамірыць.
уціхамі́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уціхамірыць.
уціхамі́рвальны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для ўціхамірвання. // Які мае адносіны да ўціхамірвання каго‑н. Уціхамірвальныя меры.