Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ура́давы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўрада. Урадавыя ўстановы. Урадавая камісія. □ Урадавых узнагарод у сувязі з юбілеем камсамола ўдастоены і многія яго арганізацыі. Машэраў.

•••

Урадавы крызіс гл. крызіс.

урада́н, ‑у, м.

Лекавы сродак, які садзейнічае выдзяленню з арганізма мачавой кіслаты.

ураджа́й, ‑ю, м.

1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.

2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.

ураджа́йнасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць глебы, расліны і пад. даваць пэўны ўраджай. Павысіць ураджайнасць ільну. □ [Лясніцкі:] — Колькі трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную ўраджайнасць. Шамякін.

2. Узровень ураджаю з пэўнай плошчы пасеву. Падлічыць ураджайнасць бульбы з аднаго гектара.

ураджа́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўраджаю. Ураджайныя ведамасці.

2. Які характарызуецца багатым ураджаем. Быў той год ураджайным, як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Лынькоў. Сподам сцелецца ягаднік — яркія пацеркі суніц і сіваватыя, асабліва ўраджайныя сёлета, чарніцы. Брыль. // перан. Разм. Багаты на што‑н. 1958 і 1959 гады былі ўраджайныя на першыя паэтычныя зборнікі і ў пераважнай большасці добрыя. Лужанін. На паэмы пасляваенны час, можна сказаць, быў у нашай літаратуры ўраджайны. Лойка.

3. Які вызначаецца высокай ураджайнасцю. Ураджайны сорт пшаніцы. Ураджайная культура.

ураджэ́нец, ‑нца, м.

Чалавек, які нарадзіўся ў якой‑н. мясцовасці, родам з якой‑н. краіны, горада і пад. Мікалай Міхайлавіч быў ураджэнцам Заходняй Беларусі, першыя гады яго маленства прайшлі пры панскім падняволлі. Хадкевіч. — Вы, напэўна, мясцовы ўраджэнец? — пытаюся я [у Высоцкага]. В. Вольскі.

ураджэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да ураджэнец.

урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.

2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.

урадзі́ць, ураджу, уродзіш, уродзіць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць ураджай, плады. Усё ўрадзіла — жыта, ячмень, авёс, бульба, лубін... Пестрак. Урадзілі [вішні], аж голле абвісае ад ягад. Кулакоўскі. [Піліпёнак:] — Корму сёлета канюшына многа дала, а вось насенне нешта не ўрадзіла. Шахавец.

2. каго. Разм. Нарадзіць. [Бацька:] — Урадзіў я на гора цябе, на сваю галаву. Галавач.

урадлі́васць, ‑і, ж.

1. Здольнасць забяспечваць расліны пажыўнымі рэчывамі, даваць ураджай. Адной з істотных уласцівасцей глебы з’яўляецца ўрадлівасць. «Весці». Розныя глебы па ўрадлівасці — розныя нормы высеву. Ермаловіч. Тост за калгасную нашу сям’ю, Ніў залатых урадлівасць; Тост за глыбокую ў полі раллю І за руплівае жніва! Танк.

2. Ураджайнасць (у 1 знач.).