увагну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Сагнуць, уціснуць унутр чаго‑н., зрабіць паглыбленне ў чым‑н. Кнігі ўвагнулі паліцу. Шафа ўвагнула падлогу. □ Дзядзька пачаў збіраць кусочкі разбуранага гнязда. Пасля ўзяў сетку, увагнуў яе і стаў старанна складваць кусочак да кусочка ластаўчыну хатку. С. Александровіч.
2. Апусціць уніз, нагнуць, схіліць (плечы, шыю і пад.). Да .. [Петрыка] ідзе .. Падласка, рогі паставіла і галаву ўвагнула, убароць хоча. Крапіва. [Мікола] увагнуў плечы і ўпаў на тратуар. Якімовіч.
3. З цяжкасцю сагнуць. Дрот такі тоўсты, што ледзь увагнуў.
увагрэ́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад увагрэць (гл. угрэць у 1–3 знач.).
увагрэ́цца, увагрэюся, увагрэешся, увагрэецца; пр. увагрэўся, ‑грэлася; зак.
Тое, што і угрэцца. — Чаго там мокнеш, швагер? — .. гукнуў яго Даніла. — Увагрэўся, то і прастыць нядоўга. Чарнышэвіч.
увагрэ́ць, увагрэю, увагрэеш, увагрэе; пр. увагрэў, ‑грэла; зак.
Тое, што і угрэць.
ува́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уважыць (у 1 знач.).
уважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. што. Лічыць, меркаваць. [Мікола Антонавіч:] — Будзем уважаць нашу размову скончанай. Дубоўка. Мне давялося затрымлівацца на асобных прамашках і ўдачах аўтараў, уважаючы іх за пралікі ў рабоце рэдакцый. Лужанін.
2. што і чаго. Любіць што‑н. [Кучучыха:] — А вой! Хіба салодкага не любіш? А я ж уважаю. Лобан.
3. на што (звычайна ў форме дзеепрысл.). Улічваць, прымаць пад увагу што‑н. Міхалапіху апраўдалі, уважаючы на тагачасны яе душэўны стан. Лупсякоў. Мабыць, уважаючы на гэтыя два матывы, і назваў Аляксей Кулакоўскі сваю аповесць «Да ўсходу сонца». Скрыган.
ува́жлівасць, ‑і, ж.
1. Праяўленне ўвагі (у 1 знач.). Аглядаючы гаспадарку, Пракоп забываў сваю самазваную ролю дэлегата і са ўсёй пільнасцю і ўважлівасцю знаёміўся з формамі калгаснай работы. Колас. З фотакарткі глядзела коратка падстрыжанае дзяўчо. У вачах, крыху прыжмураных, строгасць і ўважлівасць. Гаўрылкін.
2. Уважлівыя адносіны да каго‑н., прыхільнасць, добразычлівасць. Андрэй балюча перажываў здраду. Але здарэнне гэта дапамагло набыць самую дарагую якасць — уважлівасць да людзей. Шамякін. Сваёй уважлівасцю да людзей, мілай ветлівасцю .. [Зорык] адразу ж заваёўваў сімпатыі. Новікаў. Бацькі з падкрэсленай уважлівасцю глядзелі адно за адным, як асірацелыя дзеці. Асіпенка.
3. Уласцівасць уважлівага (у 3 знач.). Уважлівасць прычыны.
ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.
2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.
3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.
ува́жны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і уважлівы. Уважны слухач. Уважныя вочы.
ува́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
1. каго-што. Аднесціся з увагай да чаго‑н., выканаць, здзейсніць што‑н. Мы ўважылі .. настойлівую просьбу [вартаўніка] і купілі яму .. бескурковую іжаўскую дубальтоўку. Брыль.
2. каго-што. Аказаць каму‑н. павагу, праявіць увагу да каго‑н. [Дзед Мікола:] — А ў мінулым годзе ведаеце, што прыдумалі? — Хто? — запытаў я. — Людзі нашага сяла. Юбілей мне наладзілі, уважылі старога на сямідзесятым годзе. Скрыпка. Як ні ўпіралася Поля, а прысесці да стала прыйшлося — трэба было ўважыць гасцей. Арочка. Дзед Дзяніс падтрымаў .. [маці]: не адведаць суседа, не ўважыць ласкай такую радасць, як прыход са службы, нягожа... Мележ. // каму. Зрабіць што‑н. у знак павагі, увагі. Не паслухаць старшыню сельсавета Хацяноўскі не мог, а ўважыць яму — не надта і ведаў як. Кулакоўскі.
3. каму. Зрабіць уступку, прыняўшы пад увагу што‑н.; уступіць. [Пан:] — Я табе тады на беднасць тваю ўважыў і на паслугу тваю, а ты што ж гэта? Галавач. [Васіліса:] Я ж цябе ведаю, ты яму не саступіш і ён табе не ўважыць. Гурскі.