ува́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Аднесціся з увагай да чаго‑н., выканаць, здзейсніць што‑н. Мы ўважылі .. настойлівую просьбу [вартаўніка] і купілі яму .. бескурковую іжаўскую дубальтоўку. Брыль.

2. каго-што. Аказаць каму‑н. павагу, праявіць увагу да каго‑н. [Дзед Мікола:] — А ў мінулым годзе ведаеце, што прыдумалі? — Хто? — запытаў я. — Людзі нашага сяла. Юбілей мне наладзілі, уважылі старога на сямідзесятым годзе. Скрыпка. Як ні ўпіралася Поля, а прысесці да стала прыйшлося — трэба было ўважыць гасцей. Арочка. Дзед Дзяніс падтрымаў .. [маці]: не адведаць суседа, не ўважыць ласкай такую радасць, як прыход са службы, нягожа... Мележ. // каму. Зрабіць што‑н. у знак павагі, увагі. Не паслухаць старшыню сельсавета Хацяноўскі не мог, а ўважыць яму — не надта і ведаў як. Кулакоўскі.

3. каму. Зрабіць уступку, прыняўшы пад увагу што‑н.; уступіць. [Пан:] — Я табе тады на беднасць тваю ўважыў і на паслугу тваю, а ты што ж гэта? Галавач. [Васіліса:] Я ж цябе ведаю, ты яму не саступіш і ён табе не ўважыць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)