ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.
2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.
3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)