Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пнеўма́тык, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для сціскання і разрэджвання паветра.

2. Напоўненая паветрам шына.

пнеўма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Аддзел фізікі, які вывучае газападобныя целы.

2. Тое, што і пнеўматык (у 1 знач.).

[Ад грэч. pneymatikos — дыхальны, паветраны.]

пнеўматы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пнеўматыкі (у 1 знач.).

2. Які прыводзіцца ў рух пры дапамозе сціснутага паветра. Грукаталі маторы экскаватараў і бульдозераў, рыпелі тросы пад’ёмных кранаў, разносіўся перастук пнеўматычных малаткоў. Хадкевіч.

пнеўмо́граф, ‑а, м.

Прыбор для рэгістрацыі дыхальных рухаў.

[Ад грэч. pléuma — дыханне і graphō — пішу.]

пні́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пністага.

пні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае многа пнёў. Хутка .. [салдатам] трапіўся пністы расцяроб з высокай да калень папараццю. Быкаў.

пні́шча, ‑а, н.

Разм. Частка зламанага або зрэзанага дрэва, якая засталася ў зямлі з каранямі. Ля пнішча на шорсткіх белых імхах высыпалі першыя грыбы — смарчкі. Пташнікаў.

пну́цца, пнуся, пнешся, пнецца; пнёмся, пняцеся; незак.

Тое, што і пяцца. [Чмаруцька:] — Адкуль толькі не павезлі хлеба, колькі месяцаў згружалі, пнуліся, і — на табе — пайшло дымам, пылам. Лынькоў. Абледзянелая ручаіна.. млява пнулася выкідаць на лёд крынічную сцюдзёнасць. Чорны. Кожны пнуўся наперад, і таму карэспандэнт расставіў нас сам. Ваданосаў.

пнуць, пну, пнеш, пне; пнём, пняце; незак.

Разм. Тое, што і пяць ​2.