млі́ва, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. малоць (у 1 знач.).
2. Змолатае збожжа, прадукт памолу. Прылёгшы на мліве Гарачым, дадому Вяртаемся ў поўнач Дарогай знаёмай. Танк. З расчыненых дзвярэй ветрака патыхае свежым млівам. Сабаленка.
мло́сна, безас. у знач. вык.
Нядобра, моташна. Адчуўшы, што яму млосна, Максім Сцяпанавіч выйшаў на ганак і сеў проста на прыступку. Карпаў. Неяк раз на занятках па гімнастыцы ў школе Бобу зрабілася млосна, і ён страціў прытомнасць. Гарбук.
•••
Чарцям млосна (будзе, стане) — пра што‑н. такое, што выходзіць за межы звычайнага.
мло́снасць, ‑і, ж.
Тое, што і млосць. На хвіліну .. [Алесь] успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай... Караткевіч.
мло́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да млосці. У Ярыгі кружылася галава, але пачуццё звычайнай чалавечай цікаўнасці перамагло млосную слабасць. Лынькоў.
2. перан. Прыкры, цяжкі; моташны. Млосны камарыны гуд. Млосная ноч. □ Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ.
млосць, ‑і, ж.
Непрыемнае пачуццё слабасці, якое наступае звычайна перад стратай прытомнасці, рвотай. Адагрэўшыся ў пасцелі, .. [Валя] адчула неспакой у сэрцы і млосць. Чорны. У [Іванавых] вачах, наганяючы непераадольную млосць, мільгалі і мільгалі абады. Быкаў.
млын, ‑а, м.
1. Машына для здрабнення розных матэрыялаў, якая выкарыстоўваецца ў горнай, хімічнай і інш. галінах прамысловасці.
2. Прадпрыемства, на якім мелюць збожжа; будынак з устаноўленымі ў ім прыстасаваннямі для размолу збожжа. Паравы млын. Ветраны млын. □ На беразе Марачанкі сярод поплаву відна была будыніна — вадзяны млын. Лобан. Рачулка чыстая з-за млына Цячэ праз травы і камлі. Лось.
•••
Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.
млынавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да млына. Млынавыя жорны. Млынавое кола.
млына́р, ‑а, м.
Уладальнік млына або работнік у млыне; мукамол. Калі .. скончылася веснавая паводка і рэчка ўвайшла ў берагі, млынар ужо на сялянскі завоз пусціў млын. Чорны. Яшчэ калі дзядзька Пракоп быў за старшыню, дык ён паставіў бацьку за млынара ў колішні Лукашоў вятрак. Сабаленка.
млынаро́ў, ‑ова.
Разм. Які належыць млынару.
млынары́ха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.
Жонка млынара.