Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пячэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пячорны.

пячэ́рысты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пячорысты.

пяшко́м, прысл.

Пешым ходам, не транспартам; пеша, пехатою. Цераз рэкі, масты, Цераз пушчы, кусты, Дзе пяшком, Дзе прамчымся на ўспененых конях. Броўка. — А дадому як дабярэшся? — сказала, быццам роднаму. — Поездам ці пяшком? Лобан.

пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.

1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.

2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.

3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.

пяшчо́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пяшчотнага. Пяшчотнасць свайго бацькоўскага пачуцця дзед выказваў, як заўсёды, па-свойму. Брыль.

2. Ласкавасць, пяшчота. Матулі роднай вобраз мілы, Пяшчотнасць, любасць да мяне, Яе аб дзецях клопат шчыры Усплываюць часта ў светлым сне. Журба. Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць. Брыль.

пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.

2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.

пяшэ́чкам, прысл.

Разм. Пяшком. Ускінуў я за плечы свой мяшэчак, Прымайстраваў на рэмень кацялок, Іду знаёмаю дарогаю пяшэчкам І ўбачыў ваш калгас яшчэ здалёк. Вітка. На гарсаветаўскі аўтобус і не зірнуў [Андрэй], пяшэчкам збіраецца ісці. Лобан.

пяю́н, пеюна, м.

Разм. Той, хто вельмі любіць пець, многа спявае; пявун.

пяю́ха, ‑і, ДМ ‑юсе, ж.

Разм.

1. Пеўчая птушка. У залатой лістоце дрэў чуваць ля сонечнай палянкі з маленства вывучаны спеў пяюхі сціплай — берасцянкі. А. Вольскі.

2. Жан. да пяюн.

пяя́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пяяць.